Імёны вайны: вяртанне. Няхай агеньчык памяці не згасае

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Імёны, імёны, імёны…Колькі іх, яшчэ не адкрытых імён?

Здавалася б, усіх ведаем, пра ўсіх пісалі, ёсць матэрыялы ў музеі. Аднак да сённяшняга дня многія з тых, хто мужна ваяваў, абараняў Радзіму, быў узнагароджаны, застаюцца невядомымі для землякоў, забытымі. Так нядаўна ў рукі трапіліся дакументы Івана Сцяпанавіча Мацюкевіча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Пашчасціла адшукаць яго сына Валерыя, які жыве на вуліцы Азёрнай райцэнтра, а затым – Сцяпана Мацюкевіча, малодшага, які пасля смерці бацькі захоўваў яго дакументы, фотаздымкі, узнагароды, каб пакінуць для ўнукаў і праўнукаў, каб не забывалі, ганарыліся продкам.

Сцяпан Іванавіч паабяцаў прынесці ў музей матэрыялы і расказаць усё, што помніць пра бацьку, і сваё абяцанне спраўдзіў. Так нам, акрамя некалькіх пасляваенных грамат Івана Сцяпанавіча Мацюкевіча, дасталіся яшчэ і ордэнская кніжка, пасведчанне аб смерці, чатыры фотаздымкі, у тым ліку і групавыя, на якіх ветэраны Вялікай Айчыннай – нашы землякі, дзятлаўчане. Каштоўны набытак, што і казаць.

Іван Мацюкевіч нарадзіўся ў вёсцы Валоўнікі Дзятлаўскага раёна ў 1924 годзе. Калі хлопцу споўнілася 15 гадоў, захацеў паехаць у Саратаў вучыцца на слесара. У даваенны час хлопцы набывалі прафесію ў ФЗВ (фабрычна-завадскім вучылішчы), рана станавіліся самастойнымі. Там яго і напаткала вайна. У 17 гадоў стаў салдатам, ваяваў на Курскай дузе, атрымаў за мужнасць і салдацкую вытрымку, праяўленыя ў той бітве, медаль “За адвагу”, неаднаразова быў паранены, і вельмі сур’ёзна, асколкам у левую руку, ледзьве не застаўся калекам. Лячыўся ў Кіславодску, пасля шпіталя вярнуўся ў строй, працягнуў барацьбу з фашыстамі на франтах Вялікай Айчыннай, потымвызваляў Еўропу. Вайну скончыў у адным з прыгарадаў Берліна.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны вярнуўся на радзіму, пайшоў працаваць у міліцыю, даслужыўся да капітана. Увесь час быў участковым, разам з сям’ёй змяніў не адно месца жыхарства, пазней асеў у Дзятлаве. У пасляваенны час кадраў у міліцыі не хапала, таму Іван Сцяпанавіч быў адзіным ўчастковым на ўвесь гарадскі пасёлак. Ведаў усіх – і яго ведалі і паважалі. Сын Сцяпан успамінае, як бацька расказваў пра адзін пасляваенны эпізод, што здарыўся ў Дзятлаве. У першыя гады пасля вайны ў ваколіцах Дзятлава бадзялася шмат бандыцкіх груп з былых паліцаяў, салдат Арміі Краёвай, здраднікаў, якія служылі ворагу. Яны рабавалі вяскоўцаў, забівалі партработнікаў, старшыняў сельскіх саветаў, першых калгасаў. Аднойчы міліцыянерам удалося злавіць бандыта па прозвішчы Гоман, мясцовага, які служыў да вайны ў міліцыі. Здрадніка прылюдна павесілі на плошчы ў Дзятлаве. Расказ бацькі Сцяпан запомніў на ўсё жыццё.

Іван Мацюкевіч быў добрым мужам і бацькам. Выгадаваў чатырох сыноў, Сцяпан пайшоў па шляху бацькі, таксама стаў міліцыянерам. Жонку Іван Сцяпанавіч узяў з перасяленцаў: Валянціна Дзям’янаўна родам з Беластока, разам з бацькамі ў 1946 годзе пераехала ў Дзятлава. Тут і пазнаёміліся, пакахалі адзін аднаго, стварылі сям’ю. Маці і бацька, як успамінае Сцяпан, былі як нітка з іголкай, заадно заўсёды, усё вырашалі разам. Бацька быў для сыноў прыкладам, валодаў мужчынскім характарам, прынцыповасцю, вёў грамадскую працу, неаднаразова выбіраўся дэпутатам. Пры гэтым быў чалавекам вельмі сціплым, не любіў публічнасці, аднак адзін раз пра яго пошукавую аператыўнасць напісалі ў раённай газеце “Перамога”.  Адзін адпеты злодзей на рынку ўкраў у жанчыны кашалёк, а Іван Сцяпанавіч у той жа дзень знайшоў рабаўніка і вярнуў скрадзенае.

Пасля выхаду на заслужаны адпачынак Іван Мацюкевіч шмат гадоў працаваў дзяжурным пульта ў сістэме аховы.

Хочацца нізка пакланіцца нашаму земляку і сказаць “дзякуй” за мірнае неба над галавой многіх пакаленняў беларусаў. Няхай агеньчык памяці пра тых, хто вызваляў свет ад нацызму, не згасае.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: