Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь у Дзятлаве (+відэа)

Важнае Грамадства

8 мая ўся наша краіна адзначае вялікае свята – Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, – якое яднае беларускі народ у яго імкненні да грамадскага міру і згоды ўсіх людзей.


З гэтай нагоды ў краіне быў дадзены старт рэспубліканскай акцыі “Клятва вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь”. На плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве адбылася святочная ўрачыстасць з удзелам прадстаўнікоў працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, навучэнцаў і педагогаў школ, дзятлаўчан, а затым стартаваў патрыятычны аўтапрабег па памятных мясцінах раёна.

– 2022 год Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, гэта яшчэ адна магчымасць паказаць усяму свету, што мы, беларусы, народ, які памятае сваё мінулае, шануе свае гістарычныя подзвігі і дасягненні, – пачала свята вядучая Наталля Маліноўская. – Мы мірныя людзі, мы заўсёды ганарыліся і прадаўжаем ганарыцца нашымі дзяржаўнымі сімваламі, у якіх зашыфраваны каштоўнасці і традыцыі слаўнай зямлі беларускай. Для дзятлаўчан, як і для ўсіх беларусаў-патрыётаў, самае святое – гэта герб і сцяг роднай краіны.  Павітаў усіх удзельнікаў урачыстасці ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:

– Напярэдадні цудоўнага свята – Дня Вялікай Перамогі – уся наша краіна адзначае Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Нашчадкі пакалення пераможцаў, мы і наша моладзь, з упэўненасцю глядзім у будучыню пад гэтым сцягам. Любоў да Радзімы пачынаецца з павагі да дзяржаўных сімвалаў. Віншую ўсіх з гэтым святам, жадаю нам міру, дабра, здароўя, дабрабыту, усяго найлепшага ў нашай квітнеючай Беларусі.

Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь пачэснае права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь было прадастаўлена ваеннаму камісару Генадзю Сураўцу, начальніку Дзятлаўскага РАНС Сяргею Казушчыку, начальніку крымінальнага вышуку АУС райвыканкама Аляксею Кашко.

Сцяг краіны – сімвал гістарычнай памяці, любові да Радзімы, веры ў шчаслівую будучыню, таму ў гэты дзень  на Дзятлаўшчыне была закладзена новая патрыятычная традыцыя – прынясення моладзевай клятвы вернасці Дзяржаўнаму сцягу Рэспублікі Беларусь – сімвалу нашай незалежнасці і дзяржаўнасці, пад якім мы будуем суверэнную Беларусь і ўпэўнена крочым наперад да новых здзяйсненняў у імя шчасця і росквіту роднай краіны. Яе ўрачыста далі старшакласнікі школ, далучыўшыся да рэспубліканскай акцыі.

Дзяржаўныя сімвалы напаўняюць сэрцы кожнага маладога беларуса высокім пачуццём, таму моладзь Дзятлаўшчыны смела заяўляе аб сабе на розных алімпіядах, навуковых канферэнцыях, у творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, паказвае высокія станоўчыя вынікі ў вучобе, працы, рэалізуе самыя смелыя праекты і планы.

У гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і Дня Вялікай Перамогі з гарадской плошчы быў дадзены старт раённаму аўтапрабегу. Калона з некалькіх дзясяткаў упрыгожаных дзяржаўнай сімволікай аўтамабіляў праехала па вуліцах райцэнтра і шэрагу населеных пунктаў Дзятлаўшчыны, спынілася ў аграгарадку Вензавец, дзе ўдзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі да помніка землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Уражаннямі ад удзелу ў свяце і аўтапрабегу падзялілася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова:

– Сімвалы нашай краіны з’яўляюцца неад’емнай часткай дзяржавы, суверэнітэт якой абаранялі нашы дзяды і прадзеды. Сімвалічна, што гэта свята практычна супадае з Днём Перамогі.

Шанаваць і паважаць свае герб і сцяг – абавязак кожнага беларуса. Менавіта таму мы з радасцю далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Клятва вернасці дзяржаўным сімвалам Рэспублікі Беларусь”, а таксама прынялі ўдзел у патрыятычным аўтапрабегу з дзяржаўнай сімволікай па Дзятлаўскім раёне.

Карыстаючыся выпадкам, у гэты святочны вясновы дзень віншую ўсіх са святамі, жадаю моцнага здароўя, радасці, шчасця, дабрабыту і поспехаў у працы на карысць роднай краіны.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: