Дзень Данілавіцкага сельскага савета

Важнае Грамадства

У аграгарадку Круцілавічы прайшла сустрэча пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, удзел у якой прымалі старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў раёна.

Пасяджэнне адбылося ў абноўленым пасля капітальнага рамонту будынку сельвыканкама. Пры спонсарскай дапамозе ААТ “Граніт-Агра” тут былі заменены вокны, асвятленне, набыта новая мэбля, цалкам пераабсталяваны кабінет апорнага пункта аховы правапарадку, набыты 2 інфармацыйныя стэнды.

Больш падрабязна пра развіццё сельскага савета расказала старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых. Яна адзначыла, што на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 39 населеных пунктаў, сярод якіх  аграгарадкі Таркачы і Круцілавічы, у сельсавеце жывуць 1635 чалавек, сярод якіх 55 % жыхароў працаздольнага ўзросту, 13 % дзяцей. Маюць патрэбу ў пастаяннай увазе і дапамозе грамадства 68 адзінокіх пенсіянераў, 385 састарэлых грамадзян, якія жывуць адны.

На тэрыторыі сельсавета працуюць 11 установаў і арганізацый. Найбуйнейшымі з’яўляюцца ААТ “Граніт-Агра”, ТАА “Агражалезабетон”, Ахонаўскае лясніцтва.

Медыцынскае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць чатыры фельчарска-акушэрскія пункты; гандлёвае – 4 дзяржаўныя магазіны і адзін прыватны, у вёсках, дзе няма стацыянарных магазінаў – аўталаўкі; адукацыйнае – дзве ўстановы адукацыі. На тэрыторыі сельсавета дзейнічаюць Данілавіцкі дом культуры і Цэнтр падтрымкі і развіцця чытання, ёсць 6 культавых збудаванняў (2 праваслаўныя і 4 каталіцкія), размешчаны 20 грамадзянскіх могілак, 9 месцаў ушанавання памяці воінаў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Сельскі выканаўчы камітэт сумесна з органамі грамадскага самакіравання, кіраўнікамі ўстановаў праводзіць работу па забеспячэнні ўмоваў жыцця грамадзян, добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Для навядзення парадку на могілках практыкуецца правядзенне суботнікаў.

З 20 могілак 9 цалкам абгароджаны, 11 знаходзяцца ў лясным масіве. У 2021 годзе значныя сродкі раённага бюджэту і мясцовых жыхароў былі выдаткаваны на выдаленне дрэваў на тэрыторыі могілак: ва Уланаўшчыне – 100 дрэваў, у Касцюках – 60, у Стараельні – 450, у Клішавічах – 109, у Ахонаве – 69 дрэваў. Такім чынам, на тэрыторыі сельсавета цалкам ачышчаны ад аварыйных дрэваў 9 могілак, на 5 вядуцца работы. Таксама аварыйныя дрэвы выдаляюцца ў населеных пунктах сельсавета.

Плённа рэалізуецца на данілавіцкай зямлі Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 116 “Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі”. За 2021 год на тэрыторыі сельсавета знесена 8 пустуючых дамоў, за 4 месяцы 2022 года – 3, дзякуючы гэтаму ўведзена ў севазварот 1,1 гектара зямлі.

Таксама Ганна Мікалаеўна спынілася на тым, што пры сельвыканкаме працуюць грамадскія фарміраванні, якія вядуць актыўную прафілактычную работу з ненадзейнымі сем’ямі, хатнімі скандалістамі, асобамі, якія злоўжываюць алкаголем. Праводзяцца рэйд-праверкі, складаюцца акты агляду, выкананне якіх знаходзіцца на кантролі. Наладжаны цесны кантакт з кіраўніцтвам мясцовых арганізацый, актывам сельсавета, дэпутацкім корпусам, старастамі вёсак.

У пацверджанне сваіх слоў старшыня сельвыканкама запрасіла ўдзельнікаў сустрэчы на экскурсію па аб’ектах сельсавета. Дэлегацыя наведала цэрквы ў Круцілавічах і Ахонаве, узведзеныя за невялікі тэрмін за ахвяраванні ад мясцовага насельніцтва, арганізацый, прадпрыемстваў, прыватных прадпрымальнікаў.

Дырэктар ААТ “Граніт-Агра” запрасіў землякоў наведаць бытавыя памяшканні ў мехмайстэрнях прадпрыемства, дзе механізатары і іншыя работнікі працуюць і адпачываюць у дастойных умовах.

Прадстаўнікі мясцовай улады змаглі на свае вочы пабачыць, як на месцы нікому непатрэбных дамоў паўстае пакуль яшчэ зялёная ніва. Кіраўнік сельсавета адзначыла вялікую ролю і дапамогу ў гэтай справе мясцовых прадпрыемстваў.

Завяршэннем насычанай выязной праграмы стала наведванне адной з галоўных адметнасцяў Дзятлаўшчыны – санаторыя прэміум-класа “Альфа Радон”. Тут  прадэманстравалі ўмовы пражывання, аздараўлення, харчавання і нават баўлення вольнага часу гасцей установы, запрасілі быць кліентамі санаторыя.

Рахункуючы вынікі сустрэчы і ацэньваючы праведзеную работу, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ад усіх прысутных падзякаваў Ганне Жых за прыемныя ўражанні ад сустрэчы, адзначыў, што на падведамаснай тэрыторыі сапраўды робіцца вельмі шмат і пажадаў далейшай плённай працы. Аляксандр Станіслававіч нагадаў, што Дні сельскага савета зноў будуць праходзіць на рэгулярнай аснове, наступны адбудзецца на новаяльнянскай зямлі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: