Дзелавы панядзелак. Парадак павінен быць функцыянальным

Важнае Улада

Ніводная штотыднёвая нарада старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага не абыходзіцца без абмеркавання пытанняў бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва раёна і функцыянавання адной з асноўных галін, якая забяспечвае харчовую “падушку” для жыхароў Дзятлаўшчыны, – сельскай гаспадаркі.

Актыўнасці і эфектыўнасці няма

– Па-ранейшаму па малацэ мінусуе гаспадарка “Граніт-Агра”. “Войневічы” – таксама, але тут хоць рух ёсць, выпас жывёлы пачалі. А ў “Граніт-Агра” ніякай актыўнасці па вырашэнні праблемы, – з ужо набалелага пытання пачаў сельскагаспадарчую тэматыку кіраўнік раёна.

Катэгарычна пастаўлена Андрэем Садоўскім пытанне аб неарганізаванасці персаналу, які займаецца жывёлагадоўляй у дадзенай гаспадарцы. На жаль, не “даганяе” яна сёння па надоях ні “Хвінявічы”, ні “Жукоўшчыну”, дзе маюць больш за 19 літраў з каровы ў дзень.

Апошнія дні ўстаноўленага тэрміну засталіся па падрыхтоўцы кормаўборачнай тэхнікі. На кантролі з-за несвоечасовага рамонту камбайнаў – ААТ “Дварэц-Агра”.

Увогуле, Андрэй Уладзіміравіч адзначыў, што зараз гаспадаркі поўнасцю забяспечаны тэхнікай, палівам, угнаеннямі, сродкамі аховы раслін. Нездарма кажуць: якое семя, такое і племя – пры такіх ідэальных умовах, выкананні ўсіх тэхналагічных аперацый і аптымальных тэрмінаў можна спадзявацца на добры ўраджай.

Сумніўны анёлак

За мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне крадзяжы падняліся ўверх у спісе здарэнняў. Дарэчы, па ўсіх новых узбуджаных крымінальных справах па факце крадзяжу супрацоўнікамі міліцыі былі выяўлены вінаватыя.

Асаблівую заклапочанасць праваахоўнікаў і спецыялістаў адукацыі выклікаюць паводзіны аднаго непаўналетняга жыхара нашага раёна – 13-гадовы юнак за два дні ўчыніў 5 крадзяжоў. Хлопец і раней дастаўляў нямала клопатаў сваімі паводзінамі, а цяпер яго жыццёвая дарога скіравалася ў бок спецінтэрната.

Таксама на нарадзе ўзнялі пытанні неўкамплектаванасці штату ўчастковых інспектараў у аддзеле ўнутраных спраў, арганізацыі відэаназірання, накіравання асацыяльных грамадзян у лячэбна-працоўны прафілакторый – з пачатку года “працаваць і лячыцца” ўжо паехаў 21 дзятлаўчанін.

Эх, дарогі…

Жыхары Наваельні дзякуюць жыллёва-камунальнай гаспадарцы за якасную адсыпку і грэйдзіраванне вуліц у пасёлку. Асфальтаванне вуліцы Леніна ў Дзятлаве працягваецца. А вось ямачны рамонт пакуль праведзены не па ўсіх праезных частках населеных пунктаў, дзе ён вельмі неабходны. Варта адзначыць, што камунальнікі стараюцца – толькі ў суботу 3,8 тоны асфальту яны зрасходавалі на ямачны рамонт на вуліцах Чапаева, Перамогі, Кірава ў райцэнтры. На бягучым тыдні работы кіпяць на другіх вуліцах горада, без увагі не застануцца і пасёлкі.

Старшыня райвыканкама даў даручэнне адказным службам праверыць і, дзе неабходна, аднавіць дарожную разметку, прычым не толькі ў населеных пунктах, але і на праезных частках вакол іх; сельскім саветам, дарожным службам – прыступіць да абкосу абочынаў, палос адводу, выемкаў і адхонаў каля аўтамабільных дарог.

Іх чакаюць камфортны побыт і яркія ўражанні

Арганізацыяй і правядзеннем дзіцячай летняй аздараўленчай кампаніі заклапочаны сёння аддзел адукацыі райвыканкама. Як паведаміла яго начальнік Наталля Белаус, у гэтым годзе плануецца аздаравіць у школьных летніках 1148 маленькіх дзятлаўчан: у спартыўных летніках – 158, дзённага знаходжання – 740, кругласутачных – 250.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: