Будучыня – самы каштоўны падарунак для нашчадкаў

Важнае Спорт і турызм

У рамках патрыятычнай акцыі “Нам завешчана памятаць” і Года гістарычнай памяці для маладых спецыялістаў  раёна, якія працуюць у сферы лясной гаспадаркі, была праведзена экскурсія, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Дзятлаўшчыны.

Турыстычную групу ўзначальваў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага лясгаса Аляксей Урбановіч. У гісторыка-краязнаўчым музеі старшы навуковы супрацоўнік установы Алена Абрамчык пазнаёміла наведвальнікаў з рознымі  тэматычнымі экспазіцыямі, расказала пра генацыд, партызанскі рух, герояў-землякоў, трагедыю дзяцей палітэмігрантаў, якія ў чэрвені 1941 года прыехалі адпачываць у міжнародны піянерскі лагер “Наваельня”.

На агляднай экскурсіі па вуліцах горада турыстычная група наведала помнік Іосіфу Філідовічу, даведалася пра подзвіг дзятлаўскага Сусаніна, пабывала на месцы, дзе ў час вайны размяшчалася гета, пачула трагічную гісторыю з жыцця яўрэяў у тыя страшныя ваенныя гады, калі яны падвяргаліся ганенням, здзекам і масавым расстрэлам, аднак, нягледзячы на ўсё гэта, не гублялі надзею, змагаліся за жыццё і рабілі ўсё магчымае, каб выратавацца.

Асобную ўвагу спецыяліст музея надала знакавым гістарычным аб’ектам Дзятлава, падрабязна расказвала пра яўрэйскія домікі на гарадской плошчы, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, сабор навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай, Спаса-Праабражэнскую царкву і палац Радзівілаў.

Удзельнікі экскурсіі падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Аляксандра Крукоўская, майстар лесу ў Вензавецкім лясніцтве:

– Тэма вайны заўсёды кранае мяне за душу. Страшныя падзеі таго часу, подзвігі землякоў, Вялікая Перамога – пра гэта мы ніколі не павінны забываць, заўсёды шанаваць памяць тых, хто абараняў нашу Радзіму і загінуў.  Больш за ўсё ўразіў аповед пра “дзяцей ліхалецця”. Колькі страху, болю і слёз ім прыйшлося перажыць! Гэта гісторыя вучыць нас таму, што трэба шанаваць кожны пражыты дзень пад мірным небам, рабіць усё магчымае, каб больш такое не паўтарылася, берагчы сваіх родных і блізкіх, радавацца кожнаму імгненню, праведзенаму побач з імі.

Аляксандр Дурко, інжынер па аўтаматызаваных сістэмах кіравання вытворчасцю ў Дзятлаўскім лясгасе:

– Усе тыя, хто вёў барацьбу з фашысцкімі акупантамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, падарылі сваім нашчадкам самае каштоўнае – будучыню. Яны праявілі стойкасць і адвагу, не здаліся, не здрадзілі, не аддалі ворагу сваю Бацькаўшчыну.  Уражаны ўчынкам  Іосіфа Філідовіча. Ганаруся, што на Дзятлаўшчыне ёсць свой Сусанін, подзвіг якога жыве ў памяці ўдзячных землякоў. У сваю чаргу, горад я ўбачыў зусім з іншага ракурсу: дзе яшчэ знойдзеш такія цікавыя па форме яўрэйскія домікі, касцёл, які заварожвае сваёй архітэктурай і веліччу, перадае эпоху далёкага мінулага. А праваслаўны храм – немагчыма прайсці міма, каб не палюбавацца і не пакланіцца святыні. Адназначна, у Дзятлаве варта пабываць!

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga