Без стажу і бліскучага рэзюмэ

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Адсутнасць вопыту – адна з прычын адмовы ў працаўладкаванні.

Толькі вось як займець працоўны вопыт, калі ўсюды чуеш: “Вы нам не падыходзіце”. Каб “разарваць замкнёны круг”, аддзел па працы і занятасці прапануе саіскальнікам прайсці праграму набыцця вопыту практычнай работы.

Што гэта такое і як на Дзятлаўшчыне дапамагаюць працаўладкавацца “навічкам”, расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік.

– Летась да нас звярнулася выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, юрыст па прафесіі. Яна расказала, што праманіторыла вакансіі ў Інтэрнэце, але нічога прыдатнага не знайшла, бо патрабаванні ў наймальнікаў высокія, плюс усе хочуць спецыялістаў з вопытам работы. Таму яе рашэннем стала звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама. У нас яна зарэгістравалася як беспрацоўная, а ўжо праз тыдзень у гэтай саіскальніцы з’явілася працоўная кніжка з першым запісам – мы працаўладкавалі маладога спецыяліста па праграме набыцця вопыту практычнай работы.

Наймальнік нічым не рызыкуе, калі запрашае на работу такіх спецыялістаў. Дзяржава выдаткоўвае арганізацыі частковую кампенсацыю на аплату іх работы і абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым, у наймальніка ёсць час прыгледзецца да новага работніка, ацаніць яго кампетэнцыі. Калі бакі ўсім задаволены, чалавеку прапаноўваюць застацца на рабочым месцы з аплатай працы ўжо з уласных сродкаў арганізацыі.

Прывяду і яшчэ адзін прыклад: пасля атрымання дыплома Баранавіцкага каледжа з кваліфікацыяй “тэхнік-эканаміст” малады спецыяліст пачаў самастойна вывучаць прапановы, высылаў рэзюмэ, але ўсё безвынікова. Таксама звярнуўся ў наш аддзел – і ў гэты ж дзень мы знайшлі яму працоўнае месца і прапанавалі паўдзельнічаць у праграме па набыцці вопыту практычнай работы. Наймальнік заключыў з маладым чалавекам тэрміновы працоўны дагавор на два месяцы (максімальны магчымы тэрмін па праграме – паўгода).

Атрымаць неабходныя веды, уменні і навыкі практычнай работы мы дапамагаем не толькі выпускнікам прафесійна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установаў, але і іншым беспрацоўным, зарэгістраваным у нашым аддзеле па працы і занятасці.

Магчымасць атрымання вопыту практычнай работы ёсць таксама ў тых, хто прайшоў прафесійную падрыхтоўку ці перападрыхтоўку па накіраванні ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а яшчэ ў тых, хто доўгі час (больш за 12 месяцаў) не працаваў у сувязі з доглядам дзіцяці да трох гадоў, дзіцяці-інваліда да 18 гадоў, дзіцяці да 18 гадоў, якое інфіцыравана вірусам імунадэфіцыту чалавека ці хворага на СНІД.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga