Ад кляшча выратуе апрацоўка тэрыторыі

Важнае Грамадства

Разам з вясной распачаўся і сезон актыўнасці кляшчоў, з кожным годам іх становіцца ўсё больш.

Спецыялісты звязваюць гэта з глабальным пацяпленнем. У красавіку па дапамогу з-за прысмоктвання кляшчоў у медыцынскія ўстановы раёна звярнуліся 4 чалавекі, з іх 2 – дзеці. Захворванне клешчавымі інфекцыямі ў раёне не рэгістравалася.

Па Гродзенскай вобласці за 4 месяцы бягучага года з-за ўкусаў кляшчоў звярнулася па дапамогу 443 чалавекі (у іх ліку 166 дзяцей). На хваробу Лайма захварэла 17 чалавек, на клешчавы энцэфаліт – 1.

Дарэчы, ад хваробы Лайма вакцыны пакуль не існуе.

Клешч “сустракае” нас не толькі ў лесе, але і ў паркавых зонах, і на дачах, і нават на прысядзібных участках у горадзе.

Уладальнікам прысядзібных і дачных участкаў для зніжэння колькасці кляшчоў неабходна забяспечыць добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый: праводзіць уборку леташняй лістоты, расчыстку ад бытавога і расліннага смецця, акультурванне кустоў, выкошванне травы, не дапускаць захламленасці і звалак бытавога смецця, знішчаць мышападобных грызуноў, якія з’яўляюцца пераносчыкамі насякомых.

Калі клешч укусіў, неабходна як мага раней звярнуцца ў лячэбную ўстанову, дзе будзе аказана медыцынская дапамога, прызначана прафілактычнае лячэнне. Максімальны прафілактычны эфект дасягаецца толькі ў тым выпадку, калі экстраная прафілактыка пачата ў першыя 72 гадзіны.

Мікалай ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ

Звяртаем вашу ўвагу, што Дзятлаўскі райЦГЭ аказвае платныя паслугі па правядзенні супрацьклешчавых апрацовак тэрыторый, у тым ліку тэрыторый прыватных домаўладанняў і загарадных дачных участкаў. Кошт апрацоўкі 10 сотак складае 41,97 рубля. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 6-90-63.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga