Захаваць і памножыць для нашчадкаў

Важнае Улада

На Дзятлаўшчыне стартавала рэспубліканская добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу-2022”.

Аднымі з першых удзел у ёй прынялі супрацоўнікі райвыканкама і работнікі дзяржслужбаў.

Месцам правядзення мерапрыемства стала Новаяльнянскае лясніцтва, дзе ў лясным масіве на ўскрайку Дзятлаўскага раёна ўжо з раніцы чакалі працоўны дэсант. Традыцыйнае фота на памяць, сціслы інструктаж па тэхніцы пасадкі і бяспекі ад ляснічага Валерыя Зінкевіча – і за работу. Што такое меч Колесава і як правільна ўкараняць саджанцы, работнікаў дзяржапарата вучыць не трэба: большасць з іх – пастаянныя ўдзельнікі акцый лясгаса. Для старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сёлетні “Тыдзень лесу” – трэці на Дзятлаўшчыне:

– У гэтай акцыі, якая стала традыцыйнай для ўсіх беларусаў, мы з калегамі ўдзельнічаем кожны год. У сучасным пераменлівым свеце ёсць дзве надзвычай важныя рэчы – здароўе і добрая экалогія. І я рады, што Дзятлаўшчына з’яўляецца багатым прыродай “лясным” раёнам (больш за 60 % нашай тэрыторыі – лясы), а значыць, тут расце здаровае пакаленне.

– Адначасова з “лясной” акцыяй у раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Як справы тут? – пытаюся ў кіраўніка раёна.

– Дзятлаўчане вельмі актыўна папрацавалі на добраўпарадкаванні свайго раёна ўвосень, таму цяпер трэба толькі паправіць пасля зімы. Жыхары раёна, як і заўжды, вельмі актыўныя ў навядзенні парадку на зямлі.

– Андрэй Уладзіміравіч, якія эмоцыі адчуваеце ад работы ў лесе?

– Настрой пазітыўны, уражанні самыя добрыя. Заўжды прыемна сустрэцца з калегамі не ў кабінеце, а ў нефармальнай абстаноўцы за пасадкай лесу. Тут дыхаецца і думаецца па-іншаму, нараджаюцца новыя нетрывіяльныя ідэі.

Новае пакаленне маладых соснаў і елак удзельнікі акцыі высадзілі на плошчы 2,3 гектара, сярод іх саджанцы, закупленыя і выгадаваныя ў парніках гаспадаркі. Па словах дырэктара Дзятлаўскага лясгаса Сяргея Дурко, дапамога дзятлаўчан у час добраахвотнай акцыі – значны ўклад у вясновыя работы па высадцы лесу і навядзенні парадку ў лясным фондзе.

– Сёння мы пачынаем чараду мерапрыемстваў у межах рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”, якая праходзіць у Беларусі пятнаццаты раз і сёлета прысвечана Году гістарычнай памяці. Мінулагодняе мерапрыемства было масавым, сёлета таксама стартуем актыўна, – адзначае ён. – Мэта акцыі – прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем лясной гаспадаркі: некаторыя людзі забываюць той факт, што лес не расце сам сабою, клопат аб ім бяруць на сябе работнікі лясной гаспадаркі. Таму дапамога землякоў у гэтай справе своечасовая і важная для нас. Разам мы зможам рэалізаваць галоўную задачу лясной гаспадаркі – захаваць лес і памножыць гэта багацце для нашчадкаў. Сёлета на тэрыторыі раёна плануем высадзіць каля 400 гектараў лесу, каля 100 гектараў ужо пасаджана. Вільготнае надвор’е спрыяе добраму ўкараненню саджанцаў, а значыць, праз гады тут вырасце густы прыгожы бор.

Акцыя “Тыдзень лесу-2022” прадоўжыцца да 16 красавіка. Да мерапрыемства далучацца вучні ўсіх школ раёна і іх педагогі, якія навядуць парадах абапал прыдарожных палосаў, каля садаводніцкіх таварыстваў, на ўездах у свае населеныя пункты. Работнікі лясніцтваў прывядуць у парадак збудаванні і месцы адпачынку.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: