За званне “Піянер года” спрачаліся юныя дзятлаўчане

Галоўнае Грамадства

Раённы этап VII рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года-2022” у намінацыі “Піянер года” прайшоў на Дзятлаўшчыне.

Творчыя спаборніцтвы ладзіліся ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава. На конкурснай пляцоўцы яны сабралі піянераў-лідараў і іх групы падтрымкі з 12 установаў адукацыі раёна, якіх вітала старшыня раённага савета ГА “БРПА” Ірына Мішчанка.

Удзельнікам было прапанавана паспрабаваць свае сілы і прадэманстраваць лепшыя лідарскія якасці ў заданнях: відэавізітоўцы “Лідар будучыні”, “TikTok-партфоліа”, IQ-прэзентацыі і сцэнічным нумары “Талент”.

Вершы, песні, танцы, флэш-мобы, чарлідзінг, сцяг-шоу – усё гэта ўзялі на ўзбраенне піянеры-лідары, каб пакарыць кампетэнтнае журы, у саставе якога былі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Гарановіч, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Іна Дзедава, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык.

Лепшых сярод крэатыўных і творчых піянераў Дзятлаўшчыны вызначыць было няпроста. Тым не менш, першае месца ў раённым этапе конкурсу было прысуджана Дар’і Лявошка з сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, другое месца падзялілі Станіслаў Якаўчык з сярэдняй школы № 3 і Ганна Сіневіч з гімназіі № 1 горада Дзятлава, на трэцяй пазіцыі замацаваліся Злата Гуз з Гезгалаўскай сярэдняй школы, Яўгенія Анушкевіч з Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і Ганна Піліпчук з Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы. Падведзены і вынікі ўдзелу па намінацыях, пераможцамі якіх сталі: “Лепшае сцэнічнае майстэрства” – Паліна Рыбак з Дварэцкай сярэдняй школы; “Лепшы вакаліст-саліст” – Алена Ярмоленка з Новаяльнянскай сярэдняй школы; “Лепшы піянер-дызайнер” – Дар’я Махнач з Жукоўшчынскага дзіцячага сада-базавай школы; “Лепшы генератар ідэй” – Аляксей Пацалуйка з Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы; “Юны Музыкант” – Надзея Налівайка з Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы; “Сімпатыі гледачоў” – Іван Саўко з Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: