Уладзімір Нячаеў: “Мы будзем там, дзе патрэбны Айчыне”

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ёсць даты, якія немагчыма забыць.

Для беларусаў гэта 26 красавіка – дзень памяці і смутку аб ахвярах аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі.

У ліквідацыі катастрофы і яе наступстваў удзельнічалі больш за 11 тысяч супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і вайскоўцаў. Сярод іх – былы начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Нячаеў. У 2021 годзе, да 35-й гадавіны ліквідацыі, ён быў адзначаны нагрудным знакам “За заслугі ў пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Ён і сёння можа ўзгадаць у дэталях той памятны 1986-ы.

– Уладзімір Аляксандравіч, як вы даведаліся пра аварыю ў Чарнобылі?

– Калі паступіла паведамленне аб аварыі, удзел у тушэнні пажару на Чарнобыльскай станцыі першымі прынялі 28 чалавек, многія з іх пазней памерлі ад прамянёвай хваробы. Упраўленнем пажарнай аховы былі створаны тры зводныя атрады па ліквідацыі наступстваў катастрофы. У другім атрадзе, які базаваўся ў Хойніках з чэрвеня месяца, знаходзіўся і я, тады яшчэ 22-гадовы малодшы лейтэнант унутранай службы, інспектар пажарнага нагляду Міністэрства ўнутраных спраў. У 12 гадзін дня нам паведамілі пра выезд, у 4 гадзіны наступнай раніцы мы ўжо былі там.

– Чым сустрэла зона адсялення?

– Калі мы прыбылі на месца, зона адсялення яшчэ не была створана. Людзі вярталіся на забруджаную радыяцыяй тэрыторыю за рэчамі, хатнімі жывёлінамі, свабодна перамяшчаліся. Ужо ў той час, калі мы знаходзіліся ў Хойніках, заражаную тэрыторыю абгарадзілі, арганізавалі прапускны рэжым. Едучы на ліквідацыю наступстваў аварыі, збіраючыся туды на пару дзён, мы ўзялі з сабой невялікі паёк, разлічвалі хутка вярнуцца. А затрымаліся надоўга. Як цяпер помню, у той час у Хойніках стаяла спякотнае надвор’е, а мы, нявопытныя, поўныя рамантыкі маладыя людзі, атрымлівалі асалоду ад камандзіроўкі: была служба, у час якой удзельнічалі ў тушэнні пажару і займаліся прафілактыкай на прылеглай тэрыторыі, была культурная праграма, весялосць, кіно… Ніколі не забуду спелыя сакавітыя персікі, якія раслі там на дрэвах. У нас такія можна было толькі купіць, а тут – еш не хачу. Нарвеш гэтых персікаў проста з галінкі, памыеш і частуешся ад душы. Пакуль хтосьці са старэйшых таварышаў не спыніў: “Што вы робіце, тут паўсюль радыяцыя!” Значна пазней зразумеў у поўнай меры значэнне гэтых перасцярог. Сам я менш пацярпеў ад наступстваў радыяцыі, але праз пару дзясяткаў гадоў адчуў, што і для мяне тая камандзіроўка не прайшла бясследна.

– Што значыць асабіста для вас дата 26 красавіка?

– Для мяне і тых, хто ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, гэта памятная, балючая дата. Нямала тых, хто прымаў удзел у ліквідацыі, у мірны час загінула не на полі бою, а ў змаганні з нябачнай бядой.

– Уладзімір Аляксандравіч, вы лічыце сябе героем?

– Ліквідацыя наступстваў аварыі – гэта не гераізм у чыстым выглядзе. Думаю, ніхто з ліквідатараў Чарнобыльскай трагедыі не лічыць сябе героем. Усе мы, людзі ў пагонах, проста выконвалі свой абавязак і загад камандавання. Неслі службу, не задумваючыся пра подзвігі і магчымыя наступствы для жыцця і здароўя. Беларускія людзі, нявопытныя ў ліквідацыі такіх катастроф, “задушылі” Чарнобыль за паўгода, з чым японцы не маглі справіцца на працягу пяці гадоў.

– Сучасная Беларусь – краіна атамнай энергетыкі. Ці маеце перасцярогі на гэты конт?

– Я ўпэўнены ў тым, што атамная станцыя ў Беларусі – бяспечная. У 2016 годзе, калі Астравецкая АЭС яшчэ будавалася, я разам з іншымі ўдзельнікамі ліквідацыі аварыі на ЧАЭС з Расіі і Украіны наведваў пасольства Расійскай Федэрацыі ў Беларусі, дзе прадстаўнікі Праматамнагляду нас узнагароджвалі і чыталі курс лекцый пра сучасную атамную энергетыку, удзельнічаў у семінарах. Сучасную атамную энергетыку не параўнаць з тым узроўнем бяспекі, які быў у 60-х гадах мінулага стагоддзя. Я ўпэўнены, што беларусы на гэты конт могуць адчуваць сябе ў бяспецы.

– Калі б можна было павярнуць час назад, ці паехалі б у Чарнобыль?

– Так, тут нават няма сумневу. Я афіцэр запасу, мае дзеці, зяць і нявестка – таксама афіцэры. І я ім заўжды кажу: калі ты на службе, не можа быць выбару і ваганняў, ёсць прысяга на вернасць Радзіме, якую мы давалі. І мы заўжды будзем там, дзе патрэбны Айчыне.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga