У памяць – ад удзячных нашчадкаў

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне паблізу вёскі Малдавічы каля мемарыяла землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у рамках акцыі “Дрэва героя” і Года гістарычнай памяці члены моладзевага парламента пры Дзятлаўскім раённым Савеце дэпутатаў і РА РГА “Белая Русь” высадзілі алею “Мы памятаем подзвіг герояў” з саджанцаў туй.

Экалагічна-патрыятычны дэсант узначальваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

– Гэта ўжо не першая “Алея памяці” ў нашым раёне. Падобная зусім нядаўна з’явілася і ў гарадскім пасёлку Наваельня. Там пасадзілі 21 маладую бярозку ў  памяць аб дзецях  палітэмігрантаў, жыццё якіх 22 чэрвеня 1941 года падзялілася на радаснае да і страшнае пасля. Кожная такая акцыя мае значную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. Дзеці далучаюцца да працы на роднай зямлі, больш пазнаюць пра горад, аграгарадок ці вёску, дзе яны нарадзіліся і жывуць, становяцца неабыякавымі да падзей Вялікай Айчыннай вайны. Таксама пачынаюць з павагай ставіцца да загінулых герояў, шанаваць памяць аб  ахвярах фашызму, разумець, якой цаной дасталася мірнае неба салдатам Вялікай Перамогі, усведамляць неабходнасць навядзення парадку на тэрыторыі помнікаў, абеліскаў і брацкіх магіл. Думаю, што хлопцы і дзяўчаты яшчэ доўга будуць памятаць, як удзельнічалі ва ўсіх падобных патрыятычных мерапрыемствах. Спадзяюся, што і яны калі-небудзь прывядуць на  месцы памяці сваіх дзяцей, пакажуць ім алеі з ужо  высокімі дрэвамі і перададуць гістарычную праўду аб вайне, якую ніколі нельга забываць, – адзначыў Аляксандр Станіслававіч.

Сваімі ўражаннямі падзялілася Марыя Семчанка, навучэнка Казлоўшчынскай сярэдняй школы:

– Пасадзіла некалькі туй. Справіліся з высадкай даволі хутка, бо працавалі адным згуртаваным калектывам, уважліва слухалі дарослых, заўсёды стараліся падказаць і дапамагчы адзін аднаму. Спадзяюся, што праз некалькі гадоў на маёй малой радзіме будзе алея з пышных і высокіх туй, якія ўпрыгожаць памятнае месца. Лічу, што нельга забываць мінулае, тым больш калі размова ідзе пра землякоў, якія абаранялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кожны з іх – гэта асобная гісторыя, лёс нашых гераічных продкаў. Мы не павінны забываць пра гэта, заўсёды прымаць актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні помнікаў.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: