Такое не павінна паўтарыцца ніколі (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Ва ўрочышчы Курпяшы, каля помніка зверскі забітым фашыстамі 2800 яўрэям Дзятлаўскага гета, адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны 80-й гадавіне з дня  трагедыі.

У памятным месцы сабраліся прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур, працоўных калектываў і школ райцэнтра, члены іўдзейскай абшчыны Гродзеншчыны, нашчадкі загінулых.

– Трагедыя яўрэйскага народа – адна з самых жорсткіх і крывавых старонак вайны, – нагадалі прысутным вядучыя Наталля Маліноўская і Аляксандр Раеўскі. – Яўрэяў знішчалі толькі за тое, хто яны ёсць.

Мітынг-рэквіем адкрыў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:

– Чым далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны, тым больш узнікае жаданне ў некаторых заходніх палітычных дзеячаў перапісаць старонкі яе гісторыі. Усё больш актыўна неанацыяналісты праяўляюць сябе нават у рэспубліках былой постсавецкай прасторы. І менавіта таму кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача перад органамі пракуратуры, Следчага камітэта правесці работу па выяўленні новых фактаў генацыду насельніцтва Беларусі. У выніку праведзенай работы, рассакрэчвання архіваў выяўлены новыя факты аб масавым знішчэнні беларусаў і іншых людзей нямецкімі акупантамі і іх памагатымі. Важна захаваць дакладную памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Дарога да такіх месцаў, як гэта, не зарасце ніколі. Тое, што сёння на мітынг у Курпешскім лесе сабралася так многа людзей, сведчыць аб адзінстве нашага грамадства. Мы абавязаны помніць і не дапусціць паўтарэння таго, што здарылася 80 гадоў назад.

Навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава, на базе якой працуе музей Халакосту, нагадалі прысутным гісторыю Дзятлаўскага гета.

Ушанаваць памяць свайго дзядзькі Пэйсаха Айбіндэра, загінулага ў Дзятлаўскім гета, прыехаў яго пляменнік Міхаіл Айбіндэр. Ён расказаў гісторыю пра тое, як выпадковым чынам знайшоў імя продка ў спісе расстраляных у часы Вялікай Айчыннай вайны.

– З тае пары Дзятлаўшчына стала для мяне другой радзімай, сюды я прыязджаю са сваімі блізкімі кожны год, каб ушанаваць памяць яўрэяў, загінулых ад рук фашыстаў і іх памочнікаў, – расказаў Міхаіл Якаўлевіч. – Вельмі кранальна, што сёння сюды прыйшло так многа моладзі, якая будзе помніць гэты ўрок гісторыі, перадасць яго нашчадкам.

Равін Гродзенскай іўдзейскай рэлігійнай абшчыны Іцхак Хофман прыехаў у гэты  памятны дзень на Дзятлаўшчыну, каб памаліцца за ўсіх людзей, загінулых тут у гады ваеннага ліхалецця.

Пасля вайны мінскае дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Гілф” выпусціла кнігу “Мы помнім! Свету помніць наказваем…”, а члены яўрэйскай дзятлаўскай абшчыны з ЗША і Ізраіля выдалі кнігу “Дзятлава – наш горад”. Гэта зборнікі сведчанняў былых вязняў гета, якія перажылі жахі вайны і змаглі пазбегнуць смерці, іх аповеды пра тых, хто дапамагаў і хто здраджваў. У гэтых кнігах праўда ўсё: ад першага да апошняга радка. Кожная расказаная гісторыя – гэта трагедыя не толькі яўрэйскага насельніцтва, але і ўсяго шматпакутнага народа Беларусі.

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання, усклалі да помніка каменьчыкі, кветкі і вянкі, пакінулі тут лампадкі як знак смутку і памяці.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga