Школьны мерыдыян

Важнае Грамадства

Белыя галубы ў родным небе.

Каб расказаць дзецям аб мінулых гадах Беларусі, аб народных традыцыях і святах, аб Вялікай Айчыннай вайне і доўгачаканай вясне і Перамозе, у Год гістарычнай памяці ў фае дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава аформлена выстава “Салют Перамозе”, дзе ўвазе дзяцей і бацькоў прапануюцца фотаздымкі, плакаты, брашуры, альбомы, буклеты, паштоўкі. Праводзяцца тэматычныя заняткі і гутаркі, дзеці сярэдніх і старшых груп слухаюць апавяданні пра вайну, глядзяць відэафрагменты ваеннай хронікі, вучаць вершы і песні.

Такім чынам педагогі фарміруюць у сваіх выхаванцаў паняцці аб тым, што вайна – гэта зло, гора, слёзы, разбурэнне, што трэба берагчы мір, бо ўсе людзі Беларусі, і асабліва дзеці, хочуць бачыць белых галубоў у мірным родным небе.

Дзеля міру і спакою на зямлі

Вучні 8-11класаў Дварэцкай сярэдняй школы прынялі ўдзел ва ўроку мужнасці “Нам гэты мір завешчана берагчы” да Года гістарычнай памяці.

На ўрок мужнасці былі запрошаны кіраўнік школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Памяць” Сяргей Каско і супрацоўнік Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта. Вучні разам з гасцямі прыйшлі да высновы, што абавязак цяперашняга і будучых пакаленняў – захаваць памяць пра людзей, якія аддалі сваё жыццё дзеля міру і спакою на нашай зямлі.

Мы – розныя, але мы – разам

На занятку пад такой назвай у группе падоўжанага дня гэтай жа школы вучні паразважалі аб тым, што ўсе яны розныя: з розным колерам вачэй, валасоў, з рознымі здольнасцямі, імёнамі і характарамі. Разам з гэтым, яны таксама зразумелі, што любоў, клопат, увага і дружба аб’ядноўвае ўсіх нас, робіць мацнейшымі.

 

Асаблівую цікавасць выклікала “падарожжа” па краінах свету, у час якога яны ўбачылі, што ў кожнай краіне людзей аб’ядноўваюць нацыянальныя традыцыі,  мова, культура. Школьнікам спадабалася таксама паўдзельнічаць у невялічкім дэфіле, у час якога выхаванцы групы прадэманстравалі беларускія народныя  касцюмы, даведаліся аб асаблівасцях беларускага арнамента, які выкарыстоўвалі для ўпрыгожвання адзення беларусы.

Напрыканцы занятку кожны для сябе зрабіў выснову: мы розныя – у гэтым наша багацце, мы разам – у гэтым наша сіла.

 

Рыхтуюцца стаць аграрыямі

Навучэнцы аграрнага класа Дварэцкай сярэдняй школы ў рамках практычных заняткаў наведалі сельскагаспадарчыя аб’екты дзяржаўнага прадпрыемства “Дварэц-Агра”. Факультатыўныя заняткі па праграме “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” праводзяцца ў школе ўжо чацвёрты год запар.

На гэты раз тэмай заняткаў было электразабеспячэнне працэсаў сушкі і дапрацоўкі зерня на зернесушыльным комплексе КЗСВ-30 і забеспячэнне клімат-кантролю пры захоўванні бульбы ў бульбасховішчы арачнага тыпу.

Таксама вучні наведалі малочнатаварны комплекс “Васявічы”, дзе азнаёміліся з працэсам даення кароў у даільнай зале, работай халадзільнага абсталявання, асновамі камп’ютарнага ўліку статку і параметраў прадукцыйнасці кароў. Дапамаглі навучэнцам разабрацца ў тонкасцях гэтых тэхналагічных працэсаў спецыялісты мясцовага сельгаспрадпрыемства.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga