Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Не свавольства і не жарт

Важнае Здарэнні і бяспека

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на якім разгледжаны 9 адміністрацыйных спраў і пытанне аб мэтазгоднасці вяртання ў сям’ю чатырох дзяцей, раней прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, яшчэ двое непаўналетніх з адной сям’і прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Лёс дзяцей вызначыць суд

У лістападзе мінулага года чацвёра дзяцей былі прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне з-за асацыяльных паводзінаў маці. Жанчына злоўжывала алкаголем, нярэдка знікала з дому, пакідаючы непаўналетніх без нагляду, таму сямейная сітуацыя патрабавала абавязковага ўмяшальніцтва спецыялістаў органаў прафілактыкі.

За амаль што паўгода дзяржаўнай абароны былі і станоўчыя зрухі ў паводзінах гора-маці. Яна прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці і 4 месяцы вяла цвярозы лад жыцця. На жаль, ужо ў сакавіку ўсё змянілася: жанчына, якая з моманту адабрання з’яўляецца абавязанай асобай, дапусціла больш за дзесяць прагулаў на рабоце без уважлівых прычын, затым увогуле знікла з поля зроку адказных службаў. Нават на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, на якім вырашаўся далейшы лёс яе дзяцей, маці не з’явілася, тут прысутнічаў толькі біялагічны бацька дачкі. Раней, праўда, родны чалавек стасункаў з ёю не падтрымліваў, таму пры адабранні дзяўчыну не змаглі яму аддаць – апеку над ёй аформіла цётка. Варта адзначыць, што ўсе гэтыя месяцы бацька стараўся знайсці “агульную мову” з дачкой, зрабіў дома рамонт, спадзеючыся на яе пераезд. Аднак яна пажадала застацца з цёткай.

Далейшы лёс яе і трох яе братоў, паколькі ў біялагічную сям’ю вяртаць непаўналетніх немэтазгодна, яшчэ не вырашаны. Канчатковую кропку ў гэтай сітуацыі паставіць суд, куды камісія накіравала адпаведныя дакументы. Хутчэй за ўсё, бацькоў пазбавяць правоў на дзяцей.

Да доктара так і не дайшлі

У сям’і, дзе гадуюцца дзевяці- і аднагадовы хлопчыкі, прызнаныя ў сацыяльна ненадзейным становішчы, апошнім часам з-за п’янак бацькоў абвастрылася сітуацыя. На жаль, з ранейшага жыцця дарослыя для сябе так і не зрабілі высноваў, а яны ўжо былі абавязанымі асобамі, калі маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнаваўся старэйшы сын.

Вось і цяпер, на працягу месяца, ужо некалькі разоў у нецвярозым выглядзе траплялі ў поле зроку спецыялістаў службаў прафілактыкі, былі асведчаныя, з-за п’янага хатняга скандалу і выкарыстання сілы бацька некаторы час правёў у ізалятары раённага аддзела міліцыі. Пасля кожнага з гэтых выпадкаў з дарослымі праводзіліся прафілактычныя размовы, было рэкамендавана наведаць доктара-нарколага. Аднак п’янкі аднаўляліся, а сыны зноў аказваліся ў бабулі.

Паколькі на словы бацькі не рэагуюць, да спецыяліста-медыка так і не дайшлі, члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама прынялі рашэнне прызнаць хлопчыкаў маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Пры жаданні бабуля зможа аформіць над імі часовую апеку, а ў маці з бацькам будзе да 6 месяцаў на выпраўленне.

Вось такі Кампот

Нягледзячы на тое, што сучасныя дзеці сябруюць з мабільнымі тэлефонамі амаль з пялюшак і разбіраюцца ў іх часам лепш за дарослых, такое сяброўства не заўсёды прыносіць карысць.

Вось і наш сямігадовы зямляк нядаўна трапіў у непрыемную сітуацыю. Хлопчык захапляецца гульнёй “майнкрафт”, хоча быць падобным да ютубера Кампота. Праўда, з-за юнага ўзросту многія відэасітуацыі з любімым героем хлопчык прымае “за чыстую манету” і спрабуе паўтарыць іх у рэальным жыцці.

Напрыклад, нядаўна на школьным перапынку ён выпрасіў у педагогаў на хвілінку свой мабільны тэлефон (дзеці іх здаюць на час урокаў). Пераконваў настаўнікаў, што хоча патэлефанаваць родным, сам жа, схаваўшыся ад дарослых, “паўтарыў подзвіг Кампота”: набраў нумар выратавальнай пажарнай службы і вельмі праўдападобна пракрычаў, што на вуліцы Чырвонаармейскай гарыць дом. Ратаўнікі вымушаны былі выехаць на дапамогу, не ведаючы канкрэтнага адраса. Па ўсіх вуліцах Чырвонаармейскіх, якія ёсць у населеных пунктах нашага раёна, калясілі пажарныя разлікі, правяраючы, ці не відаць там дыму і агню. Вось такі атрымаўся Кампот.

Вядома ж, юнага жартаўніка вельмі хутка знайшлі, законнага прадстаўніка папярэдзілі аб адказнасці за неналежнае выхаванне дзіцяці.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама юны тэлефонны махляр паабяцаў, што больш так не будзе, аднак яго дарослыя сваякі на ўсялякі выпадак пачалі хаваць мабільнікі.

Згубіліся ў часе

Ад адміністрацыйнай адказнасці з вынясеннем папярэджання вызвалена маці непаўналетняга хлопца, якая не суправадзіла сына ў позні час.

Падлетак прыцягнуў увагу міліцыі, калі ў адзін з выхадных дзён вяртаўся дахаты апоўначы. Пры затрыманні хлопец патлумачыў, што гуляў з дзяўчынай, затым праводзіў яе, згубіўся ў часе, бо “села батарэйка мабільніка”.

Сваю віну на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама аматар начных прагулак прызнаў поўнасцю, пацвердзіў, што ў школе іх знаёмілі з правамі і абавязкамі, паабяцаў больш не парушаць.

Маці і сын папярэджаны аб адказнасці пры паўторных на працягу года выпадках парушэнняў.

“Добры чалавек” дапамог

На гарпасялковай дыскатэцы ў стане алкагольнага ап’янення былі затрыманы дзве непаўналетнія сяброўкі. Як высветлілася, спіртное яны выпілі разам, а набыў для іх слабаалкагольны напой незнаёмы мужчына. Да слова, асобу гэтага “добрага чалавека” міліцыя ўжо высветліла, цяпер яму давядзецца адказаць за такую “дабрачыннасць” перад законам.

На пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама юныя парушальніцы расказалі, што сябруюць даўно, а вось ідэя падняць сабе настрой перад дыскатэкай, як яны пераконвалі спецыялістаў, узнікла ўпершыню. Ці праўда гэта, пакажа час: цяпер з абедзвюма сяброўкамі на працягу года будзе праводзіцца індывідуальная прафілактычная работа, яны застануцца на кантролі службаў прафілактыкі, сустрэнуцца з доктарам-нарколагам. А вось пры паўторным парушэнні антыалкагольнага заканадаўства гэтыя меры “перарастуць” у комплексную рэабілітацыйную праграму.

Няўжо гарэлка смачная?

Ноччу ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што ў адной з кватэраў райцэнтра шуміць непаўналетняя кампанія. На дзяцей скардзіўся сусед, які не мог заснуць. Мужчына сцвярджаў, што сам зрабіў падлеткам заўвагу, аднак адрэагавалі яны агрэсіўна.

Праваахоўнікі, якія прыехалі на адрас, убачылі ў кватэры чатырох п’яных хлопцаў і цвярозую дзяўчыну. Падлеткі глядзелі і гучна абмяркоўвалі ролікі ў TikTok. Дарослых у кватэры не было – яны знаходзіліся на рабоце, што і дало магчымасць кампаніі выпіць дзве бутэлькі гарэлкі і весела бавіць час.

Праўда, добры настрой як ветрам здула, калі на гаспадара кватэры былі складзены два адміністрацыйныя пратаколы. З юнакамі, у якіх было пацверджана ап’яненне, на працягу года (у некаторых – да паўналецця) будуць праводзіць індывідуальную прафілактычную работу, а паколькі ў аднаго з хлопцаў правапарушэнне паўторнае за год – для яго арганізуюць комплексную рэабілітацыйную праграму.

Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga