Разня ў Дзятлаве: жудасная раніца 1942-га

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Яўрэйскае гета ў Дзятлаве было створана 22 лютага 1942 года на акупіраванай тэрыторыі, а затым практычна цалкам знішчана ў ходзе двух масавых расстрэлаў вязняў.

У многіх дакументах і сведчаннях ліквідацыя Дзятлаўскага гета вядомая пад назвай “Разня ў Дзятлаве”. У красавіку 1942 года немцы затрымалі на Дзятлаўшчыне аднаго з падпольшчыкаў са зброяй. 29 красавіка яны арыштавалі юдэнрат і акружылі гета.

На досвітку 30 красавіка ўсім яўрэям загадалі ісці на старыя могілкі. Немцы і паліцаі сталі выводзіць яўрэяў з дамоў, збіваючы іх нагамі і забіваючы на месцы тых, хто не жадаў падпарадкоўвацца. Яны адабралі “непатрэбных”, на іх думку, людзей: жанчын, старых і дзяцей, аддзяліўшы іх ад маладых кваліфікаваных рабочых. Каля 1200 адабраных яўрэяў (дакладная лічба да гэтага часу невядомая, а на магіле ўказана 2800) пагналі проста па вуліцах Дзятлава ў лес на паўднёвай ускраіне горада. Людзі ішлі па горадзе, крычалі і галасілі, развітваючыся з роднымі, а мясцовым жыхарам нацысты загадалі не высоўвацца з дамоў і выставілі ўздоўж дарогі ахову з сабакамі. У лесе ўжо загадзя былі выкапаны ямы,  яўрэяў пачалі забіваць групамі па 20 чалавек.

У ходзе акцыі (такім эўфемізмам немцы называлі арганізаваныя імі масавыя забойствы) нямецкі камісар раёна адабраў тых, хто меў даведку аб сваёй прафесіі, а таксама членаў іх сем’яў. Дзякуючы гэтаму каля ста чалавек вярнуліся ў гета. Забівалі яўрэяў як немцы, так і беларускія, літоўскія паліцаі.

Вязні, якія засталіся ў гэты дзень жывымі, зразумелі, што трэба нешта тэрмінова рабіць для выратавання. Яны пачалі капаць ямы-прытулкі (“маліны”), дзе можна было б схавацца. Захавалася сведчанне аб жанчыне, якая хавалася ў яме разам з астатнімі. У яе заплакала дзіця, і людзі сказалі: або выходзь, або задушы яго, каб яно ўсіх не выдала. І жанчына выйшла з прытулку, не змагла забіць сваю крывіначку.

Дзякуючы гэтым падземным схованкам многія яўрэі перажылі наступныя расстрэлы і пажар у гета, а некалькім вязням мясцовыя жыхары дапамаглі пасля ўцячы ў лес. Па некаторых даных, удалося выратавацца каля 500 чалавекам.

Засталіся задакументаваныя імёны некаторых арганізатараў і выканаўцаў масавых забойстваў яўрэяў у Дзятлаве: гэта зондэрфюрар СС Клейман, нямецкі вайсковец Глебка, обер-лейтэнант Убрых, лейтэнанты Кіхлер, Рыдэль і Браўн, обер-лейтэнант Егнсан, капітаны Мальхер і Майдэль.

Той страшны дзень з успамінаў Хаіма Ванштэйна:

– 30 красавіка 1942 года – самы жудасны дзень у маім жыцці. Фашысты акружылі гета, загадалі ўсім ісці на старыя могілкі. Пад раніцу мая мама мяне разбудзіла: «Хаімка, уставай хутка. Немцы акружылі гета і страляюць без перапынку і без разбору”. Я бачыў на вуліцах яўрэяў, якія ў паніцы беглі, не ведаючы куды. Здалёку я ўбачыў Элі Пейціса, які абвясціў, што яўрэі павінны прыйсці на старыя могілкі, якія знаходзіліся на тэрыторыі гета.

Маці, дзве сястры і брат схаваліся ў “схрон”, а я і мой бацька пайшлі на старыя могілкі. У сераду бацьку сказалі, што яму трэба было ісці на работу. Ён пайшоў. А я таксама пайшоў на старыя могілкі, хоць не магу растлумачыць, чаму не схаваўся з астатнімі членамі сям’і.

Там я ўбачыў страшнае відовішча: немцы падзялілі людзей: дзяцей, жанчын і старых – направа, а мужчын – налева. Там ужо было каля 2000 чалавек. У каго быў допуск займацца рамеснай справай – у адзін бок, у каго не – у іншы. Калі мой бацька ўбачыў, што я прыйшоў, ён спытаў, чаму я не схаваўся. Я адказаў: “Гэта наш лёс”.

Мы з бацькам патрапілі ў групу з 1000 чалавек, якую накіравалі ў Курпешскі лес, нас вялі па вуліцы Савецкай. Прыгнаўшы людзей на месца, фашысты і іх памочнікі загадалі спыніцца. Расстрэльвалі людзей па 20-40 чалавек, кідалі іх у ямы. Астатнія чакалі сваёй долі.

Мой бацька апынуўся трохі наперадзе, і праз некаторы час я страціў яго з увагі. Яго забілі. Дзень быў такі сонечны і выдатны, і мне так хацелася пажыць яшчэ трохі, таму я стаў прасоўвацца ў канец натоўпу, спадзеючыся выбрацца…

На месцы масавага забойства яўрэяў у Дзятлаве ў пасляваенны час быў устаноўлены  помнік, на якім таблічка на іўрыце і рускай мове паведамляе:  “Тут пахаваны 2800 яўрэяў Дзятлава, зверскі забітых нямецкімі фашыстамі 30 красавіка 1942 года”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga