Працаваць і ўпэўнена глядзець у будучыню

Галоўнае Грамадства

21 красавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Функцыянавала некалькі груп. Інфармацыйна-прапагандысцкая група старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сустрэлася з калектывам Раготнаўскага дзіцячага сада-базавай школы.

На абмеркаванне былі вынесены пытанні: “Асноўныя эканамічныя дасягненні першага года пяцігодкі ў кантэксце рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу”, “Вясновыя выпальванні”, “Супрацьдзеянне і прафілактыка злачыннасці, звязанай з пасягальніцтвам на палавую недатыкальнасць непаўналетніх у Рэспубліцы Беларусь”.

Было адзначана, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады была прынятая і рэалізуецца на аснове рашэнняў VI Усебеларускага народнага сходу. Першы год пяцігодкі (2021 год) прыйшоўся на вельмі няпросты перыяд: знешняя нестабільнасць, санкцыйны ціск, пандэмія, іншыя неспрыяльныя фактары, аднак беларуская эканоміка выстаяла. За год грашовыя даходы насельніцтва выраслі на 2 % (пры прагнозе 1,6  %), тэмп росту прадукцыйнасці працы склаў 103,2 % (прагноз – 101,9  %), сфарміравана рэкорднае станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі – 3,8 мільярда долараў ЗША пры росце экспарту на 32,5 %, з 11 асноўных прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця з перавышэннем выкананы 7. Вядзецца актыўная работа па павышэнні якасці і канкурэнтаздольнасці прадукцыі, мадэрнізацыі і стварэнні новых вытворчасцяў: развіваецца запатрабаваная галіна машынабудавання – электратранспарт, у ААТ “Белшына” асвоены выпуск новых мадэляў шын, у ААТ “Гродна Азот” рэалізуецца праект будаўніцтва азотнага комплексу, скіраваны на поўнае забеспячэнне рэспублікі азотнымі ўгнаеннямі і захаванне экспартнага патэнцыялу. Ёсць шэраг дасягненняў у біяіндустрыі, фармацэўтыцы, хімічнай вытворчасці, лёгкай прамысловасці, наладжана надзейнае забеспячэнне спажыўцоў энергарэсурсамі ў запатрабаваных аб’ёмах.

Беларусь ужо другі год жыве ва ўмовах санкцыйнага ціску калектыўнага Захаду, аднак эканоміка нашай краіны паспяхова спраўляецца з уплывам абмежаванняў, умацоўваецца ўсебаковае супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. Для абароны ўразлівых груп насельніцтва падоўжана дзяржаўнае рэгуляванне цэн на сацыяльна значныя тавары, сітуацыя па таварным забеспячэнні і цэнах на ўнутраным спажывецкім рынку прагназуемая і стабільная. У Беларусі кожны працаздольны чалавек мае магчымасць працаваць і ўмацоўваць свой сямейны дабрабыт, а для непрацаздольных і маючых патрэбу грамадзян прадугледжана дапамога дзяржавы.

Галоўная мэта бягучай пяцігодкі – забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве, павелічэнне дабрабыту беларусаў за кошт якаснага росту эканомікі, нарошчвання сацыяльнага капіталу, стварэнне камфортных умоў для жыцця, працы, самарэалізацыі. Сярод галоўных прыярытэтаў развіцця – шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр. Акрамя таго, Ураду прадастаўлены дадатковыя паўнамоцтвы рэагавання на недружалюбныя дзеянні замежных дзяржаў, сфарміраваны комплексны план падтрымкі эканомікі – своеасаблівая “дарожная карта” па распрацоўцы дзяржорганамі нарматыўных прававых актаў па ключавых кірунках: дыверсіфікацыя і падтрымка экспарту, новыя транспартна-лагістычныя ланцужкі, стымуляванне імпартазамяшчэння. Можна з упэўненасцю адзначыць, што ў першы год пяцігодкі закладзены падмурак для безумоўнага дасягнення найважнейшых параметраў Праграмы.

Кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі ахарактарызаваў, якім быў 2021 год для Дзятлаўшчыны, падкрэсліўшы, што раённы бюджэт выкананы з прафіцытам, прамысловы сектар і сельская гаспадарка спрацавалі паспяхова, на поўную напаўняльнасць выйшлі санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”, якія ў агульным экспарце паслуг Гродзенскай вобласці складаюць 65 %. Расказаў Андрэй Уладзіміравіч, што да завяршальнай стадыі падыходзіць работа па далучэнні КСУП “Дварэц-Агра” да ААТ “Молочный Мир”. Прыход інвестара павінен надаць новы імпульс для развіцця тэрыторый, на якіх знаходзіцца і аграгарадок Раготна. Чакае рэарганізацыя і саму навучальную ўстанову, дзе праходзіла сустрэча: яна стане дзіцячым садам.

Звярнуліся і да іншых пытанняў. Актуальнай для педагогаў, бацькоў непаўналетніх, праваахоўнікаў па-ранейшаму застаецца тэма палавой недатыкальнасці дзяцей. З-за высокай латэнтнасці сексуальнага гвалту ў дачыненні да непаўналетніх, перамяшчэння кантактаў злачынцаў і дзяцей у інтэрнэт, дзе вядзецца перапіска, абмен фота- і відэаматэрыяламі, ажыццяўляецца псіхалагічная “апрацоўка” дзіцяці, праваахоўнікам не адразу ўдаецца раскрыць падобныя злачынствы. Тым не менш, у 2021 годзе выяўлена і спынена нямала негатыўных момантаў. Удзельнікам Адзінага дня інфармавання назвалі прыкметы ў паводзінах дзяцей, якія дапамогуць заўважаць падобныя злачынствы ў далейшым.

Каб добрая справа па навядзенні парадку на зямлі не стала прычынай вогненнай трагедыі, жыхарам нашага раёна рэгулярна нагадваюць аб недапушчэнні выпальвання сухой расліннасці. Не абышлі тэму і на гэты раз. Размова ішла аб забароне спальвання раслін на корані, галоўных правілах бяспекі пры развядзенні вогнішча, прыкладах найбольш рэзанансных пажараў на тэрыторыі вобласці.

У гэты ж дзень з калектывам Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” сустрэлася абласная інфармацыйна-прапагандысцкая група на чале з намеснікам начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Сяргеем Шумейкам.

Ірына СТЫРНІК

Фота аўтара і Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  



Теги: