Памяці герояў будзем дастойныя

Галоўнае Грамадства

Моладзевая патрыятычная акцыя “Захаваем памяць на стагоддзі” прадаўжаецца на Дзятлаўшчыне.

Вясновым пагодлівым днём скарысталіся валанцёры і актывісты ГА “БРСМ” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. Разам з педагогамі напярэдадні Дня Перамогі яны наводзілі парадак у парку вёскі Апаліна-Басіна каля помніка 31 земляку, загінуламу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

– Акцыя “Захаваем памяць на стагоддзі” скіравана на добраўпарадкаванне воінскіх пахаванняў і тэрыторый помнікаў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, аказанне дапамогі ветэранам і работнікам тылу, захаванне культурна-гістарычных традыцый, – расказала прадстаўнік раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава. – Адметна, што сёлета яна праходзіць у Год гістарычнай памяці. На гэтым аб’екце добраўпарадкавання значныя аб’ёмы работ ужо выкананы сіламі сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк”, работнікі і тэхніка якога працуюць у парку і сёння. Наша з валанцёрамі задача – падграбці смецце і сабраць галіны, каб хутчэй праходзіла ўборка. Прыемна, што працуем адной вялікай камандай, тут сабралася больш за два дзясяткі выпускнікоў. Важна, каб падрастаючае пакаленне ведала і памятала сваю гісторыю і подзвігі продкаў, рабіла пасільны ўклад у развіццё краіны.

Уражаннямі ад удзелу ў акцыі падзяліліся і самі маладыя валанцёры.

Марыя Тухто:

– Падобныя працоўныя дэсанты карысныя ўдвая, бо мы знаходзімся на свежым паветры ў маляўнічым парку і адначасова дакранаемся да нашай гісторыка-культурнай спадчыны. Раней мы арганізоўвалі ўборку ў Дзятлаўскім парку каля помніка П. Пятрову і Я. Фогелю. Заўсёды рабілі гэта з задавальненнем, дружнай кампаніяй аднакласнікаў.

Павел Смірноў:

– Сваёй працай мы не толькі ствараем прыгажосць, але і аддаём даніну памяці героям, якія змагаліся за мірнае жыццё для нас. Мой дзядуля Іван Козел таксама ваяваў. На жаль, я яго не застаў жывым, але не раз пераглядаў яго ваенныя фотаздымкі і ўзнагароды.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga