Ніколі не забудзем (+відэа)

Галоўнае Улада

У межах духоўна-асветніцкай рэспубліканскай акцыі “Нельга забыць, нельга зразумець”, прымеркаванай да міжнароднага Дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў,  каля мемарыяла “Дзеці ліхалецця” ў Дзятлаве адбыўся мітынг-рэквіем.

Прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх аб’яднанняў, працоўных калектываў Дзятлаўшчыны, вучні гарадскіх школ, духавенства сабраліся разам, каб ушанаваць памяць ахвяраў лагераў смерці і яшчэ раз нагадаць грамадскасці, што мір – найвялікшая каштоўнасць. Да прысутных далучыліся былыя непаўналетнія вязні фашысцкіх канцлагераў Галіна Іосіфаўна Сліжэўская і Вера Андрэеўна Калпінская.

– Гэты дзень стаў адначасова сімвалам найвялікшай трагедыі і смутку і сімвалам стойкасці і вялікай мужнасці людзей розных нацый і народнасцяў, якія воляй лёсу апынуліся ў засценках фашысцкіх лагераў смерці ў час Другой сусветнай вайны, – нагадалі вядучыя мерапрыемства. – Гэта памятная дата адзначаецца па рашэнні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 11 красавіка, бо менавіта ў гэты дзень вязні фашысцкага канцлагера Бухенвальд, даведаўшыся аб набліжэнні саюзных войскаў, узнялі ў лагеры ўзброенае паўстанне. Яны захапілі лагер, тым самым выратавалі сябе ад знішчэння, якое рыхтавалі ім гітлераўскія ўлады.

Да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Вялікая Айчынная вайна ўвайшла ў гісторыю як самая страшная і крывавая. Чорнымі старонкамі яе з’яўляюцца “фабрыкі смерці” – канцэнтрацыйныя лагеры, у якіх утрымлівалася больш за 19 мільёнаў чалавек, выжылі з іх менш за 7 мільёнаў. Сёння ва ўсім цывілізаваным свеце ўшаноўваюць памяць вязняў фашысцкіх лагераў. На гэтым святым месцы мы ўзгадваем сваіх землякоў, загінулых у гады ваеннага ліхалецця. Мы ўзгадваем воінаў-абаронцаў, якія вызвалілі нашу Радзіму ад карычневай чумы, свята помнім і шануем іх подзвіг. Пакуль памяць аб героях і ахвярах вайны ў нашых сэрцах, мы не дапусцім фашызму на нашай мірнай беларускай зямлі.

Кранальна, пранізліва, не па-дзіцячы балюча… Увесь гэты спектр эмоцый, якія адчувалі непаўналетнія вязні ваенных канцэнтрацыйных лагераў, паказалі ў сваім выступленні вучні сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Са словамі малітвы, смутку аб загінулых і гонару за народ, які адстаяў сваю незалежнасць, выступілі клірык сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай у Дзятлаве іерэй Аляксей Сцепановіч і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула.

Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць аб загінулых хвілінай маўчання, усклалі вянкі і кветкі да мемарыяла “Дзеці ліхалецця”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga