Калі Феміда ўсміхнулася

Важнае Грамадства

У красавіку стартаваў другі паўфінал штогадовай прававой алімпіяды “Феміда”, прысвечанай беларускай міліцыі і 80-годдзю пачатку дзеяння першага партызанскага атрада.

Ужо шаснаццаты раз каманды кадэцкіх вучылішчаў і прававых класаў агульнаадукацыйных установаў з’ехаліся ў Мінск, каб прыняць ўдзел у спаборніцтвах. Сярэднюю школу № 3 горада Дзятлава прадстаўляла каманда “Следства вялі” ў саставе навучэнцаў 9-10 класаў: Анастасіі Шавель, Ксеніі Калодзіч, Яраслава Мудрага, Данііла Івашэвіча, Сяргея Нядбайліка і Валерыі Лазута.

Як праходзіла алімпіяда, расказаў Аляксандр Ляўковіч, трэнер каманды, настаўнік гісторыі:

– У алімпіядзе спаборнічалі сем каманд з Гродна, Мінска, Ліды. Неабходна адзначыць, што ў дзятлаўскай каманды “Следства вялі” былі моцныя сапернікі, бо астатнія ўдзельнікі былі навучэнцамі 10-11 класаў і ўзровень іх ведаў крыху вышэйшы, чым узровень дзевяцікласнікаў. Аднак гэта не перашкодзіла нашым навучэнцам выступіць годна. Па выніках першых трох конкурсаў каманда апынулася на трэцім месцы і прэтэндавала на выхад у фінал. Добры ўзровень ведаў паказаў Яраслаў Мудры ў гістарычным конкурсе капітанаў, таксама суддзі ацанілі выказванне і артыстычныя здольнасці Анастасіі Шавель у конкурсе аратараў. Бліскуча выступіла Ксенія Калодзіч у конкурсе кароткіх апавяданняў на крымінальную тэму, атрымаўшы ад суддзяў вышэйшы бал. Толькі вынікі апошніх двух заданняў не далі магчымасць дзецям увайсці ў састаў фіналістаў. Хочацца сказаць, што ўдзел старшакласнікаў у такіх конкурсах, як “Феміда”, дапамагае сфарміраваць рознабаковую асобу, спрыяе развіццю ўмення працаваць у камандзе, а таксама прафесійнаму самавызначэнню навучэнцаў.

Падзяліліся сваімі ўражаннямі і ўдзельнікі каманды.

Ксенія Калодзіч:

–  У такім конкурсе я ўдзельнічала ўпершыню, для мяне гэта быў велізарны вопыт. Мяне захапілі тое, што дух спаборніцтва паміж камандамі не перашкодзіў іх цёплым адносінам. Вельмі хвалююча, калі каманда ўскладае на цябе надзеі, баішся яе не падвесці. І ў мяне атрымалася! Вядома ж, прыемна, калі тваё выступленне ацэньваецца вышэйшым балам журы. А яшчэ хочацца сказаць, што для мяне ўдзел у алімпіядзе – гэта не толькі новы ўзровень маёй самаадукацыі, але і добрая магчымасць набыць новых знаёмых.

Анастасія Шавель:

–  Удзел у рэспубліканскай прававой алімпіядзе “Феміда” пакінуў шмат яркіх уражанняў. Цёплая і сяброўская атмасфера дапамагла пераадолець хваляванне, таму з конкурсам “Слова прамоўцу” я справілася лёгка. Да конкурсаў алімпіяды рыхтавалася адказна: прагледзела шмат тэматычных фільмаў, чытала гістарычную літаратуру. Самым прыемным і нечаканым момантам для мяне была сустрэча з сябрамі, якія вучацца на факультэце міліцыі. Акрамя таго, я яшчэ раз пераканалася ў тым, што сваю будучыню хачу звязаць з сістэмай МУС.

Мы дзякуем  камандзе “Следства вялі” і іх трэнеру за іх упартасць і імкненне да перамогі і жадаем ім творчых поспехаў, аптымізму, веры ў свае сілы.

Таксама неабходна адзначыць, што сярэдняя школа № 3 цесна супрацоўнічае з Дзятлаўскім РАУС. Падчас экскурсіі супрацоўнікі паказалі школьнікам умовы работы. далі патрымаць у руках міліцэйскую амуніцыю, з дапамогай якой раскрываюцца злачынствы, затрымліваюцца злачынцы, ажыццяўляецца ахова грамадскага парадку: шлемы, аўтамат, пісталет, спецыяльныя шчыты і многае іншае. Неаднаразова  праходзілі сустрэчы з Ігарам Хітро, намеснікам начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні, Віктарам Петрукевічам, начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх. Са старшакласнікамі былі праведзены прафарыентацыйныя гутаркі, у працэсе якіх навучэнцы даведаліся аб падраздзяленнях і службах міліцыі, структуры аддзела, чым займаюцца супрацоўнікі дзяжурнай , эміграцыйнай і  крымінальнай службаў, службы ДАІ. Навучэнцы атрымалі поўную інфармацыю аб парадку прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў, факультэтах і спецыяльнасцях, пераліку ўступных выпрабаванняў, ільготах пры паступленні і перавагах навучання. І хочацца верыць, што пасля такіх гутарак у многіх з’явіцца жаданне прысвяціць сваё жыццё МУС і стаць на варту нашай Радзімы.

Святлана САЛАЎЁВА,
класны  кіраўнік 9 “Г” класа сярэдняй школы № 3 г. Дзятлава

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: