Хто такія алыкоднікі? Погірская велікодная традыцыя сёння (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак

Вялікдзень – свята веры, надзеі, перамогі жыцця над смерцю, ушанавання ўваскрэслага Хрыста.

Безумоўна, у народзе Уваскрэсенне Хрыстова святкуецца шырока і ярка. На Дзятлаўшчыне таксама захоўваецца адметная велікодная традыцыя, якой не адзін дзясятак гадоў.

Яе падтрымліваюць удзельніцы народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры Жукоўшчынскага дома культуры, якім кіруе Тамара Ступак.

Вось і сёлета Раіса Дула, Алена Станкевіч, Марыя Шыдла, Марыя Белавус, Алена Захарчэня апрануліся ў свае лепшыя нацыянальныя строі, каб падарыць светлую радасць Уваскрэсення Хрыстова аднавяскоўцам.

Калектыву больш за сорак гадоў, і яны ніколі не здраджваюць светлай традыцыі – штогод на Вялікдзень хадзіць “алыкаваць” па падворках, радаваць велікоднымі песнямі сваіх аднавяскоўцаў.

У гэты дзень над Погірамі разносяцца іх звонкія галасы. “Вялік святой нам дзень настаў” – чуе кожны гаспадар, на падворак да якога заходзяць алыкоднікі, “Паненачку” спяваюць маладым дзяўчатам, каб хутчэй замуж пайшлі, “Паніча” – хлопцам, песняй “Падзякуем Госпаду Богу” завяршаецца кожнае міні-выступленне, калі гаспадары адорваюць алыкоднікаў святочнымі пачастункамі. Ёсць у рэпертуары спявачак яшчэ і жартоўная песня – “Каб на вашай хаце лебяда расла” – для сквапных гаспадароў, якія нічога не жадаюць пакласці ў велікодны кошык, але на памяці ўдзельніц гурта яе спяваць не даводзілася, бо аднавяскоўцы на свята іх чакаюць і сустракаюць выключна гасцінна.

Вось і на гэты раз удзельніцы гурта аб’ядналіся з артыстамі Гезгалаўскага дома культуры і з песнямі і добрым настроем рушылі ў дарогу. Першымі гасцей сустракалі на падворку Міхаіла і Аляксандры Шыдлаў. Дарэчы, Аляксандра Віктараўна – заснавальніца народнага фальклорнага гурта вёскі Погіры, у знак пашаны і сяброўства артысткі ніколі не мінаюць яе дом. Затым весялілі і іншых землякоў.  Жарты, усмешкі, радасць ад цёплых сустрэч – усяму гэтаму не змог перашкодзіць нават спорны велікодны дожджык, які літаральна наскрозь прамачыў спявачак, але яны ўпэўнены – гэта да багацця, дабрабыту і такога ж спорнага ўраджаю ў гэтым годзе.

Пакуль прайшлі з аднаго канца Погіраў у другі, кошычкі напоўніліся пафарбаванымі яйкамі і іншымі пачастункамі, а юныя таленты, якія ў гэты дзень далучыліся да прадстаўніц старэйшага пакалення, ужо адчувалі сябе больш упэўнена. Будзем спадзявацца, што добрую народную традыцыю перайме і захавае падрастаючае пакаленне дзятлаўчан, бо так хочацца, каб роднае-народнае не страчвалася, а жыло з намі яшчэ многія дзесяцігоддзі.

– У часы нашай маладосці на Вялікдзень па Погірах хадзіла па тры групы алыкоднікаў. Пачыналі святочныя візіты дзеці, затым на падворкі наведвалася моладзь, а пад вечар – алыкавалі дарослыя. Сярод спевакоў пераважалі мужчыны, былі скрыпка і гармонік. У Погірах і сёння памятаюць мясцовых гарманіста Пятра Шыдлу і скрыпача Івана Крагельскага, якіх, на жаль, ужо няма ўжывых. Калі ішлі з аднаго краю вёскі да другога, заходзячы на падворкі, спявалі выключна велікодныя песні, а ўжо калі вярталіся назад з поўнымі кошыкамі – любыя вясёлыя. Затым разам садзіліся за вялікі стол святкаваць і зноў спяваць, – зрабілі невялікі экскурс у гісторыю велікоднай традыцыі ўдзельніцы народнага гурта вёскі Погіры.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga