Фёдар Яфімчык: “Шчасце, калі ёсць сілы працаваць”

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Па Дзятлаўшчыне прадаўжае свае вандроўкі праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

На гэты раз адрасатам “музычнай паштоўкі” ад работнікаў сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці стаў жыхар вёскі Раманавічы Фёдар Яфімчык, які адсвяткаваў сваё 85-годдзе.

З круглай датай у асабістым календары Фёдара Аляксандравіча віншавалі артысты Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Марына Варган, Чэслаў Свіб, да якіх з падарункам для земляка далучылася сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча.

Імянінніку зычылі больш ясных, сонечных дзён, моцнага здароўя, бадзёрасці духу, невычэрпнага аптымізму, а цёплае сонечнае надвор’е, якое выдалася на момант сустрэчы, нагадвала не толькі, што дзень нараджэння Фёдара Аляксандравіча прыпадае на вясновы час, але і аб тым, што родная зямля прабуджаецца, зацвітае і чакае клопату руплівых рук.

Што гэта значыць, Фёдар Яфімчык ведае не з чужых слоў: 44 гады свайго жыцця ён аддаў рабоце ў паляводстве ў мясцовым калгасе, шмат працаваў дома, на ўласнай гаспадарцы, бо сям’я трымала дзве каровы, столькі ж свінаматак, авечак, курэй, гусей. На дзяржаўным і прыватным участках наш зямляк працаваў аднолькава старанна, з поўнай аддачай, і сёння ён добра памятае, як у 1953 годзе на камсамольскім сходзе ў Дзятлаве за перадавыя поспехі быў узнагароджаны Пахвальным лістом.

– Вяртаўся з калгаса, і дома чакала “другая вахта”, – узгадвае імяніннік. – Гэта сёння сілы ўжо не тыя і на маім падворку зелянее траўка, а ў лепшыя гады кожны кавалачак гэтай зямлі быў засаджаны бульбай і агародам, плюс яшчэ пяцьдзясят сотак пад бульбу выдзяляла гаспадарка. “Другога хлеба” нарыхтоўвалі шмат, бо трэба было карміць жывёлу, ды і касу ўлетку амаль не выпускаў з рук, каб назапасіць дастаткова сена.

Любоў да працы, здаецца, Фёдар упітаў з малаком маці, бо з малых гадоў разам з братам дапамагаў бацькам, ужо пасля чацвёртага класа перайшоў на вячэрняе навучанне, а днём пасвіў коней. Нарадзіўся ён на гэтай зямлі, пэўны час пасля 1939 года, як прагналі паноў, Яфімчыкі жылі на хутары ў Хабатках, у 1963 годзе пераехалі на пастаяннае жыхарства ў Раманавічы. Тут, у бацькоўскім доме, Фёдар Аляксандравіч дажыў да шаноўнага ўзросту.

На жаль, лёс не песціў нашага земляка, на яго долю выпала нямала выпрабаванняў і стратаў. Затое прадаўжаюць радаваць дзядулю трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў, дарэчы, двое малодшых, хлопчыкі-блізняткі, нарадзіліся акурат на дзень нараджэння Фёдара Аляксандравіча. Жыццё нібыта паказала працавітаму чалавеку, што і скрозь шэрыя хмары здольны прабівацца сонечныя промні, таму ні пры якіх абставінах не трэба губляць аптымізму.

А Фёдар Яфімчык яго і не губляе: сваім гасцям ён паведаміў, што марыць дажыць да 90-гадовага юбілею, у які зноў спадзяецца на шчырае песеннае віншаванне.

Сакрэт даўгалецця ў імянінніка просты, як і разуменне чалавечага шчасця – гэта калі ёсць сілы і жаданне працаваць. Менавіта іх ён зычыць маладому пакаленню, заклікае любіць і цаніць сваю краіну, шанаваць родную зямлю, якая корміць і сагравае, дае жыццёвую энергію, але і ад кожнага ўзамен чакае клопату і сумленнай працы.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga