Дзелавы панядзелак. Тэмы, якія не губляюць актуальнасці

Важнае Улада

Планавая дыспансерызацыя, небяспечныя аб’екты, сяўба буракоў і кукурузы – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Малако – кожны дзень, адпаведна – і капейка

Што тычыцца работы аграрнага сектара, то на парадку дня – палявыя работы.

На гэтым тыдні сяўбу буракоў гаспадаркі Дзятлаўшчыны павінны завяршыць і прыступіць да пасеву кукурузы – аб’ём плошчаў пад яе ў раёне большы за аб’ём пад збожжавыя.

Што датычыцца жывёлагадоўлі, як адзначыў першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, значная ўвага надаецца харчаванню буйной рагатай жывёлы. З-за няправільных суадносін рэчываў у корме, пры недахопе пратэіну, вынікам становяцца недастатковыя ўдоі і ўтрыманне тлушчу ў малацэ, пры гэтым, вытворчасць малака з’яўляецца галоўным штодзённым фінансавым рэсурсам: малако – кожны дзень, і капейка – кожны дзень. Таму нават прыбаўку ад павелічэння закупачнага кошту на малако гаспадаркі раёна плануюць “пусціць” на набыццё неабходных камбікармоў.

На кантролі “левыя” прабегі

На нядобранадзейнасці некаторых работнікаў мясцовых сельскіх гаспадарак завастрыў увагу прысутных службаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. Размова ішла пра крадзяжы малака і асабліва паліва. Як далажыў намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Ігар Хітро, кожны тыдзень фіксуюцца факты крадзяжу механізатарамі нафтапрадуктаў, асабліва ў тых гаспадарках, дзе не ўстаноўлены аўтаматычныя сістэмы кантролю тэхнікі і ўліку паліва.

– Трэба ўнікнуць глыбей у сітуацыю. Не толькі механізатар вінаваты, але і тыя службовыя асобы, якія падпісвалі прыбавачныя пуцявыя лісты, якія вядуць неналежным чынам улік паліва, няхай разам адказваюць за гэтыя крадзяжы, – паставіў на кантроль праваахоўнікам гэту тэму кіраўнік раёна, а таксама даручыў актывізаваць работу па набыцці і ўстаноўцы гаспадаркамі аўтаматычных сістэм кантролю.

Адкладзены попыт

У сувязі са зніжэннем захваральнасці на каранавірусную інфекцыю, дзякуючы актыўнай вакцынацыі дзятлаўчан, сёння стаіць пытанне перад медыцынскімі ўстановамі раёна аб вяртанні да планавай дыспансерызацыі насельніцтва.

– Пакуль “бушаваў” кавід, дзятлаўчане баяліся класціся ў бальніцу, каб падлячыцца або абследавацца, але цяпер ужо ёсць такая магчымасць. На мінулым тыдні ў раёне зафіксаваны толькі два новыя выпадкі захворвання, што гаворыць пра сур’ёзнае зніжэнне актыўнасці кавіднай інфекцыі, – адзначыў Андрэй Садоўскі. – Не трэба забываць, што рэгулярная дыспансерызацыя дазваляе выявіць фактары рызыкі сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў, цукровага дыябету – найбольш распаўсюджаных прычын інваліднасці і заўчаснай смерці людзей.

Чыстая Радаўніца

У раёне працягваюцца работы ў рамках месячніка па навядзенні парадку на зямлі. На гэтым тыдні ў поле зроку адпаведных кантралюючых службаў трапяць тэрыторыі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстановаў, кіраўнікам якіх у перыяд месячніка ўжо былі вынесены прадпісанні за неналежнае санітарнае ўтрыманне замацаванай тэрыторыі.

Набліжаецца Радаўніца, людзі прыбіраюць магілы сваякоў – старшыня райвыканкама паставіў задачу жыллёва-камунальнай гаспадарцы і сельскім саветам раёна навесці парадак і вывезці смецце з тэрыторый могілкаў. Дарэчы, на Дзятлаўшчыне іх афіцыйна зарэгістравана 106.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч узняў тэму аператыўнага рамонту дзіцячых гульнявых пляцовак, аднаўлення і пафарбоўкі малых архітэктурных формаў на гарадскім пляжы.

Асцярожна: занядбаныя будынкі

Пустуючыя будынкі або аб’екты, якія ўжо не эксплуатуюцца арганізацыямі або сельгаспрадпрыемствамі, не толькі ствараюць непрывабны выгляд населеным пунктам Дзятлаўшчыны, але і ўяўляюць патэнцыйную небяспеку для людзей. Нярэдка такія будынкі становяцца месцам для распіцця спіртных напояў, здзяйснення крадзяжоў, месцам гульняў аматараў экстрыму – падлеткаў. Гэтыя людзі становяцца вінаватымі, што горш – ахвярамі надзвычайных сітуацый у падобных месцах.

Як патлумачыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, улік пустуючых будынкаў у раёне і пастаянны маніторынг іх стану вядзецца.

– Аднак, работы па абмежаванні доступу ў дадзеныя аб’екты не назавеш актыўнымі, а тут нельга дапускаць фармалізму, – акцэнтаваў увагу прысутных Андрэй Садоўскі. – Прадстаўнік кожнай службы павінен старанна абследаваць свой участак, строга сачыць за ліквідацыяй выяўленых парушэнняў на неэксплуатуемых аб’ектах. Задача падобных мерапрыемстваў – своечасова выявіць усе прычыны небяспекі і прыняць меры, каб не дапусціць бяды.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga