Цыгун, дартс і майстар-клас па першай дапамозе

Галоўнае Грамадства

Пазнавальнай, актыўнай і карыснай выдалася сустрэча ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, якая праходзіла ў рамках Сусветнага дня здароўя.

Аб аздараўленчай практыцы цыгун, скіраванай на ўмацаванне цела і разумовай дзейнасці, людзям “залатога” ўзросту расказала кіраўнік гуртка “Здароўе”, які працуе на базе раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, Алена Дацкевіч. Арганізаваць “Хвілінку здароўя” для клуба “Нам гады не бяда” і аматарскага аб’яднання “Мудрыя сэрцам” яе запрасіла загадчыца сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Ганна Харлінская. Госця патлумачыла прысутным, як лепш харчавацца ў сталым узросце, колькі вады ўжываць, якіх напояў пазбягаць наогул, колькі рухацца, прапанавала некалькі простых практыкаванняў гімнастыкі цыгун на кожны дзень для бадзёрасці і аздараўлення арганізма.

Наступны госць – інструктар-метадыст ФСК Аляксандр Белавус – правёў з наведвальнікамі аддзялення індывідуальныя спаборніцтвы па дартсе. Як аказалася, трапна кідаць дроцікі не так проста, аднак у многіх гэта някепска атрымалася. Пераможцай спаборніцтваў стала Альфія Шарыпава, другі вынік у Вольгі Балабанскай, трэці – у Надзеі Бяржанінай.

Майстар-клас па аказанні першай дапамогі правяла для грамадзян пажылога ўзросту старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк.

Галіна Эдвардаўна расказала і паказала, як правільна перавярнуць пацярпелага і пакласці яго ў аднаўленчае становішча, прадэманстравала тэхніку сардэчна-лёгачнай рэанімацыі для дарослага, падлетка і дзіцяці, паказала, што рабіць з пацярпелымі гэтых узроставых катэгорый пры частковай непраходнасці дыхальных шляхоў, а таксама патлумачыла, як з дапамогай хусцінкі ці шаліка зафіксаваць траўмаваную канечнасць. Наведвальнікі аддзялення і самі на практыцы паспрабавалі дзейнічаць у падобных сітуацыях. Яны падзякавалі Галіне Эдвардаўне за майстар-клас, зазначылі, што ў жыцці часам здараюцца неспадзяваныя моманты, таму атрыманыя веды могуць спатрэбіцца.

Ірына СТЫРНІК    

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga