Дзелавы панядзелак. Ад эфектнасці – да эфектыўнасці

Важнае Улада

Навядзенне парадку на зямлі і пасадка новых лясоў, работы на палях і тэхналогіі догляду жывёлы, стан бюджэту і асфальтаванне вуліц – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Кожны пасадзіў сваё дрэва

І не адно. У суботу 9 красавіка на Дзятлаўшчыне стартавала акцыя “Тыдзень лесу”. У першы дзень было высаджана больш за 112 тысяч   саджанцаў.

– Акцыя будзе доўжыцца ўвесь гэты тыдзень. Шмат работы па аднаўленні ляснога фонду выконваюць нашы ўстановы адукацыі, яны працуюць на пасадцы літаральна кожны дзень, за што заслугоўваюць павагі і заахвочвання. У суботу добрасумленна працавалі супрацоўнікі і члены райвыканкама, плануем яшчэ раз выехаць на пасадку ў пятніцу. Іншыя арганізацыі і прадпрыемствы раёна таксама далучацца да акцыі гэтымі днямі, – расказаў Андрэй Садоўскі.

Прыбяром планету

Месячнік па санітарнай ачыстцы і ўборцы горада і раёна праходзіць на Дзятлаўшчыне. Рэспубліканскі суботнік запланаваны ў Беларусі на 16 красавіка.

Акрамя ўборкі тэрыторый адміністрацыйных будынкаў і замацаваных за арганізацыямі ўчасткаў, для работнікаў яшчэ будуць вызначаны месцы для навядзення парадку на, так бы мовіць, безгаспадарных аб’ектах.

Андрэй Уладзіміравіч распарадзіўся асаблівую ўвагу надаць помнікам і мемарыялам гадоў Вялікай Айчыннай вайны, адзначыў правільную тактыку Парэцкага сельвыканкама, дзе рамантуюць і прыбіраюць памятныя аб’екты на пастаяннай аснове, а не разавай акцыяй напярэдадні Дня Перамогі.

Аргкамітэту і старшыням сельвыканкамаў даручана запрасіць мясцовых жыхароў да ўдзелу ў суботніку, а таксама, па магчымасці, рэалізаваць прапановы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, па якіх дзятлаўчане звярталіся на прамыя лініі і прыёмы грамадзян у райвыканкам, прычым з актыўным удзелам у работах саміх заяўнікаў.

Зямлю – сялянам!

Пра мэтазгоднасць пераводу ў лясны фонд земляў, якія не выкарыстоўваюцца сельскай гаспадаркай, гаварылі спецыялісты.

Увогуле на ўдасканаленні зямельных адносін у межах раёна завастрыў увагу землеўпарадкавальнай службы старшыня райвыканкама.

– У сельскай гаспадарцы вялікае значэнне мае эфектыўнае выкарыстанне зямлі. Важна зберагчы ўжо асвоеныя ўчасткі, а не дапускаць разрастання кустоў, як на адным з участкаў КСУП “Хвінявічы”, – адзначыў кіраўнік раёна. – Выехаць на месца, вызначыцца, якія меры прыняць, і аператыўна прывесці ў належны стан лугавыя землі гаспадаркі.

У Вялікдзень выхадны і аграрыю

Не толькі тэма пасяўной сёння выйшла на першы план.

– Сеў яравых ідзе добрым тэмпам, актыўней трэба сеяць буракі. Не забывайце пра вываз арганікі, – даў даручэнні Андрэй Садоўскі свайму першаму намесніку – начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку. – Тры гаспадаркі ў раёне займаюцца пасадкай бульбы, няхай “наразаюць” барозны. Прывядзіце ў парадак планы пасеву аднагадовых траваў. На кантролі трымайце пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках, нельга дапусціць змяншэння статку.

Старшыня райвыканкама ўпэўнены, што калі ўсе справы размеркаваць неабходным чынам і не збаўляць тэмп, і аграрыі змогуць у такі “спякотны” для іх час спакойна пайсці на выхадны, адсвяткаваць, як належыць, Вербніцу і Вялікдзень.

Будаўнічыя рэсурсы

Ямачны рамонт або суцэльнае асфальтаванне – прыярытэты па аб’ектах раёна расставілі на нарадзе. Першачарговымі для планавання асфальтавання вызначылі вуліцы Кірава, Леніна ў Дзятлаве, К. Маркса ў Наваельні. Таксама будзе праведзены рамонт прыдамавых тэрыторый па двух аб’ектах у Наваельні.

– Тэмпы ямачнага рамонту, падсыпкі і грэйдзіравання вуліц не зніжаць, – падагульніў старшыня райвыканкама пастаўленыя задачы адказным службам.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: