Як не “заляцець” за межы закона

Важнае Да ведама грамадзян

У Беларусі нярэдка рэгіструюцца парушэнні выкарыстання паветранай прасторы авіямадэлямі і беспілотнымі лятальнымі апаратамі (БПЛА).

Асноўная прычына гэтага – няведанне ці ігнараванне ўладальнікамі патрабаванняў заканадаўства да арганізацыі і ажыццяўлення палётаў. Па інфармацыі Дэпартамента па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый, у Беларусі ў 2021 годзе зафіксавана больш за 50 паведамленняў аб палётах БПЛА і авіямадэляў (у 2020-м – 35). У 7-і выпадках былі дапушчаны парушэнні, уладальнікі апаратаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Трэба ведаць, што выкарыстанне авіямадэляў дазволена на вышыні, якая не больш за 100 метраў ад зямной, воднай паверхні. Палёты БПЛА над населенымі пунктамі, за выключэннем сельскіх, забаронены. За невыкананне гэтых патрабаванняў прадугледжана папярэджанне або штраф: фізічным асобам – да 20 базавых велічыняў, юрыдычным – да 50. За паўторнае парушэнне на працягу года фізічныя асобы заплацяць ад 10 да 50 базавых велічыняў, юрыдычныя – ад 20 да 100.

Для афіцыйнага палёту ўладальнік беспілотніка абавязаны падаць план палёту або заяўку на выкарыстанне паветранай прасторы (ВПП) у цэнтр адзінай сістэмы арганізацыі паветранага руху. Гэта можна зрабіць з дапамогай сістэмы “Інтэрнэт Заяўка” РУП па аэранавігацыйным абслугоўванні паветранага руху “Белаэранавігацыя” праз Асабісты кабінет пасля папярэдняга заключэння дагавора на абслугоўванне з названай арганізацыяй. Для ажыццяўлення аэрафотаздымкі ў карыстальніка абавязкова павінен быць дазвол Генеральнага штаба Узброеных Сіл. Яго можна атрымаць бясплатна, у кароткія тэрміны. Для гэтага трэба адправіць адпаведную заяву на электронную пошту afs@mod.mil.by.

Варта ведаць, што ваеннаслужачым, супрацоўнікам воінскіх фарміраванняў і органаў унутраных спраў, работнікам ваенізаванай аховы дазволена выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі, зброю, баявую і спецыяльную тэхніку па спыненні палётаў беспілотных лятальных апаратаў (авіямадэляў), якія ажыццяўляюцца з парушэннем дзеючага заканадаўства.

Віталій ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga