У здаровай будучыні няма месца наркотыкам!

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

З 14 па 20 сакавіка ў Беларусі праходзіць міжведамасная рэспубліканская прафілактычная акцыя “Разам за здаровую будучыню”, скіраваная на прафілактыку ўжывання і збыту наркотыкаў, псіхатропаў і іх аналагаў.

Як расказаў старшы оперупаўнаважаны групы наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі АУС Дзятлаўскага райвыканкама Валерый Бароўскі, “навінкай” сёлетняй акцыі стане шырокае распаўсюджванне праз установы харчавання і прадуктовыя гандлёвыя сеткі тэматычных флаераў з QR-кодамі, якія будуць “адсылаць” на кароткі прафілактычны відэаролік. Галоўная задумка ў тым, каб пакупнікі ў коле сваёй сям’і змаглі прагледзець і абмеркаваць карыснае відэа. Важна данесці да аўдыторыі розных узростаў, што ёсць шмат магчымасцяў легальнага заробку, а работа на наркамаркет вядзе не ў дабрабыт, а за краты.

– Дарэчы, – падкрэсліў Валерый Бароўскі, – гэта праблема актуальная і для Дзятлаўшчыны. У гэтым годзе за незаконны абарот наркотыкаў на тэрыторыі нашага раёна ўжо затрыманы двое маладых мужчын – жыхар Дзятлаўшчыны і Навагрудчыны. У іх быў канфіскаваны асабліва небяспечны наркотык “Альфа-PVP”, які, як устаноўлена, яны набылі ў Лідзе ў інтэрнэт-магазіне. На маладых людзей узбуджана крымінальная справа, санкцыі якой прадугледжваюць да 5 гадоў абмежавання волі або ад 2 да 5 гадоў яе пазбаўлення.

Таксама ахоўнік правапарадку адзначыў, што ў час акцыі праходзяць спартыўныя гульні з дзецьмі, у сацыяльных сетках падлеткам прапануюць зняць і загрузіць відэаролікі “Выберы сваю альтэрнатыву”, лепшымі прызнаюць тыя, што набяруць больш лайкаў. Школьнікам і іх бацькам на тэматычных лекцыях раскажуць аб медыцынскіх і прававых наступствах ужывання і распаўсюджвання наркотыкаў, не застануцца без увагі і месцы адпачынку моладзі, па якіх міліцыя арганізуе рэйды.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga