Талент шматгранны – Мікалай Несцярэўскі

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кераміст, скульптар, жывапісец, член Саюза мастакоў СССР, Беларускага Саюза мастакоў, ганаровы жыхар горада Дзятлава – усё гэта наш зямляк Мікалай Несцярэўскі, работы якога ўпрыгожваюць інтэр’еры будынкаў Мінска, Валгаграда, Гродна, многіх іншых гарадоў.

Талент Мікалая Лаўрэнцьевіча як каштоўны брыльянт, якой гранню ні пахілі – абавязкова заззяе, што пацвярджае кожная старонка яго творчай біяграфіі.

Зорка жыцця гэтага вядомага ў Беларусі чалавека згасла год таму, а днямі ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася сустрэча памяці, прадаўжаюць працаваць выстава і экспазіцыя, якія нагадваюць нам пра яго лёс і дасягненні. Гідам па творчасці Мікалая Несцярэўскага для гасцей музея ў гэты дзень выступіла старшы навуковы супрацоўнік Алена Абрамчык. Сустрэча атрымалася цікавай, яркай і адметнай, як асоба нашага вядомага земляка.

Алена Рыгораўна засяродзіла ўвагу прысутных на тым, што ў фондах музея знаходзіцца больш за 300 музейных прадметаў аўтарства Мікалая Несцярэўскага і амаль усе яны перададзены мастаком у дар. З Дзятлаўшчынай творцу яднае многае: тут прайшлі яго маладыя гады, пачынаўся працоўны шлях. А вось ганчарнае майстэрства ён асвоіў на фабрыцы мастацкай керамікі ў Івянцы, у ім знайшоў сябе і ўласны стыль. Сярод найбольш вядомых арт-аб’ектаў творцы – станцыя Мінскага метро “Плошча Якуба Коласа”, упрыгожванні для рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага тэатра лялек і іншыя. Жывапісам Мікалай Лаўрэнцьевіч пачаў займацца пасля выхаду на пенсію, у ліку малюнкаў – партрэты землякоў, пейзажы, нацюрморты. І гэта далёка не ўсе таленты, якімі ён валодаў, яшчэ меў прыгожы голас, іграў на музычных інструментах, спрабаваў складаць вершы. Адзін з іх Алена Абрамчык апрацавала і прачытала разам са сваімі вершаванымі творамі аб земляку.

Якім Мікалай Несцярэўскі запомніўся сябрам і сям’і, расказалі яго родная сястра па маці Галіна Яравая (у дзявоцтве Шайноўская) і пляменніца Наталля:

– У сям’і ён быў уважлівы, клапатлівы, імгненна, без адмовы прыходзіў на дапамогу. Памятаем яго таленавітым, добрым чалавекам, у якога ладзіліся любыя справы. Умеў гатаваць, “фішкай” былі дамашнія каўбасы і грыбы, якія збіраў сам. Ён быў гасцінным і хлебасольным гаспадаром, ніколі не выпускаў госця без пачастунку. Гэта чалавек, які нікому не рабіў зла. Вельмі любіў расказваць пра Дзятлаўшчыну, свае “жыццёвыя ўніверсітэты”, у апошнія гады жыцця – пра творчыя планы: што збіраецца зрабіць, пакінуць у дар музею. Безумоўна, на той час мы ўспрымалі падобныя размовы не вельмі сур’ёзна, а ён дабіваўся ўсяго, што планаваў, і, як аказалася, быў дальнабачным у гэтым сэнсе. Для сваёй другой Радзімы, Дзятлаўшчыны, жадаў толькі працвітання, імкнуўся зрабіць як мага больш і пакінуць пра сябе добрую памяць.

 Ірына СТЫРНІК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: