Пятнаццаць тысяч ахвяраў генацыду: лічба не канчатковая

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

“Даведацца імя кожнага загінулага” – гэтыя словы сталі негалосным маніфестам на Дзятлаўшчыне ў Год гістарычнай памяці. Калі імёны салдат і партызан, якія аддалі свае жыцці за Айчыну, у большасці сваёй устаноўлены, то расследаванне генацыду мірнага насельніцтва яшчэ далёка не завершана, штодзень яно адкрывае новыя факты фашысцкіх злачынстваў, павялічваючы і без таго немалую лічбу чалавечых ахвяраў.

Праўду важна высветліць і паказаць людзям. У гэтым меркаванні адзінагалосныя прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых структур не толькі на рэспубліканскім, абласным, а і на раённым узроўнях. Адзін з першых крокаў на гэтым шляху – адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай трагічным старонкам генацыду на Дзятлаўшчыне. У хуткім часе яна з’явіцца ў школьным музеі “Дзеці ліхалецця” ў Наваельні. Каб абмеркаваць дэталі праекта, з загадчыцай музея Тамарай Крывеня сустрэліся пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка, вядучы спецыяліст ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Валянцін Абухаў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксей Якаўчык. Для стварэння інсталяцыі школьны музей атрымае матэрыялы расследавання фактаў генацыду ў нашым раёне, фотаздымкі, рэчы, знойдзеныя на месцах злачынстваў, а таксама відэазапісы паказанняў сведкаў.

Алег Вялічка расказаў аб ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе на Дзятлаўшчыне, адзначыў, што прыйшоў час абнародаваць інфармацыю:

– Менш за год мінула з моманту, як Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь распачала крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час. У саставе следча-аператыўнай групы ў гэтым расследаванні мы разам са старшым следчым Следчага камітэта Дзятлаўскага раёна Андрэем Лазутам правялі праверачныя мерапрыемствы, працэсуальныя і іншыя дзеянні па фактах знішчэння мірных жыхароў у населеных пунктах Дзятлаўскага раёна (гарпасёлку Наваельня, вёсках Вялікая Воля, Гарадкі, Трахімавічы, Дубраўка, Дубароўшчына, Карытніца і іншых), месцах прымусовага ўтрымання насельніцтва ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Жыбартоўшчыне. Было апытана больш за 70 вязняў, іх родных, сведкаў тых страшных падзей, праведзена 25 аглядаў месцаў здарэння. Дзякуючы раскопкам невядомых або малавывучаных дагэтуль месцаў пахавання на Дзятлаўшчыне атрымалася праліць святло на трагічныя падзеі той страшнай вайны. З 10 жніўня па 14 верасня мінулага года пошукавая рота 52 спецыялізаванага пошукавага батальёна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь праводзіла раскопкі ў гарпасёлку Наваельня на месцы масавага расстрэлу мірных жыхароў у 1941-1943 гадах. У выніку агляду месца здарэння былі знойдзены астанкі касцей расстраляных, прадметы адзення, кулі, іншая атрыбутыка. Усяго зафіксавана 358 фрагментаў куляў, 18 фрагментаў гільзаў і 2 патроны.

Па астанках касцей, кулях і гільзах, знойдзеных у працэсе раскопак, Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь і пракуратура Гродзенскай вобласці назначылі комплексныя судзебна-медыцынскія экспертызы. Згодна з заключэннямі экспертаў, прадастаўленыя для даследавання фрагменты з’яўляюцца астанкамі касцей не менш як 62 чалавек, біялагічны ўзрост якіх ад 6 да 15, ад 18 да 20 і ад 30 да 60 гадоў. Даўнасць іх пахавання – звыш 50 гадоў. З мэтай абнародавання вынікаў праведзенай работы на базе краязнаўчага музея Новаяльнянскай сярэдняй школы будзе створана экспазіцыя, прысвечаная генацыду насельніцтва ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Валянцін Абухаў адзначыў, што экспазіцыя ў Наваельні стане адпраўной кропкай у справе абнародавання звестак аб генацыдзе мірнага насельніцтва ў час Вялікай Айчыннай вайны на Дзятлаўшчыне.

– Актыўна вядзецца збор інфармацыі па мірных грамадзянах, жыхарах нашага раёна, знішчаных за перыяд з 1941-1944 гадоў. Перапрацавана вялікая колькасць архіўных дакументаў, праведзены сустрэчы са сведкамі тых падзей і іх роднымі ў Вялікай Волі, Дубароўшчыне, Клішавічах, Наваельні і іншых населеных пунктах. На сёння ўсё гэта неабходна сістэматызаваць і адлюстраваць у адным месцы, каб любы чалавек, неабыякавы да гісторыі свайго раёна і землякоў, мог прыйсці і ўбачыць, чым займаліся фашысты ў час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна, як ставіліся да мірнага насельніцтва, якія злачынствы яны тут здзейснілі. На сёння ўжо ўстаноўлены і пацверджаны факты гібелі ў ваенныя гады на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна звыш 15 тысяч мірных жыхароў. Гэта лічба будзе абнаўляцца ў бок павелічэння, бо многія факты генацыду расследуюцца ў цяперашні момант, – расказаў Валянцін Аляксеевіч. – У бліжэйшай перспектыве – з’яўленне тэматычных куткоў, прысвечаных трагедыі генацыду, ва ўсіх школьных музеях нашага раёна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: