Правілы дарожнага руху – на дзясятачку!

Важнае Грамадства

Каму можна давяраць веласіпед, а хто яшчэ нават дарогу перайсці не зможа без дапамогі старэйшых?

Гэта высветліла раённая алімпіяда па правілах дарожнага  руху, якая прайшла на базе сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава.

Задачай мерапрыемства стала зніжэнне дзіцячага траўматызму на дарогах і павышэнне ўзроўню ведаў правілаў дарожнага руху сярод школьнікаў. Спаборніцтва выявіла самых эрудыраваных і кемлівых вучняў Дзятлаўскага раёна сярод 13 каманд-удзельніц. Арганізатарамі конкурсу выступілі міжраённы аддзел ДАІ і аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.

Канкурсанты і іх трэнеры-настаўнікі сабраліся ў актавай зале школы, дзе атрымалі інструкцыі і перайшлі ў клас для выканання тэставых заданняў. Усё, як на дарослым экзамене на атрыманне вадзіцельскага пасведчання: 10 пытанняў у білеце, якія пажадана выканаць хутка і правільна, груз хвалявання, з якім важна справіцца і не нарабіць памылак. Не ва ўсіх гэта атрымалася на 100 %, аднак журы адзначыла высокі ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў алімпіяды. Сярод іх былі тыя, хто зрабіў толькі па адной памылцы ў білеце.

– З такімі вынікамі можна атрымліваць вадзіцельскія правы, – пахвалілі інспектары ДАІ школьнікаў.

Самыя выніковыя знаўцы ПДР і лепшыя каманды былі адзначаны дыпломамі пераможцаў і прызёраў. Сярод хлопчыкаў трэцяе месца заваяваў пяцікласнік Яўген Радзіеўскі з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, другое і першае адпаведна ў шасцікласнікаў Назара Баканава і Данііла Цыганца з Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Сярод дзяўчынак бронзавым прызёрам стала Яўгенія Анушкевіч – вучаніца 6 класа Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, сярэбраным – Арына Ганчар, пяцікласніца з дзятлаўскай школы № 3, золата ў персанальным заліку ў шасцікласніцы Ульяны Варган (Жукоўшчынскі дзіцячы сад-базавая школа),  якая вывела сваю каманду на трэцюю прыступку ў агульным заліку. Другой у камандных спаборніцтвах стала зборная сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, чэмпіёнамі алімпіяды – вучні Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

– Мы рыхтаваліся да конкурсу многа, амаль кожны дзень пасля заняткаў рашалі білеты па правілах дарожнага руху на паперы і на камп’ютары. Дапамагаў наш настаўнік Іван Паўлавіч Траскевіч, – расказалі пераможцы алімпіяды Назар і Данііл. – Сёння было шмат цікавых пытанняў, нават няпростых, але мы справіліся. Вельмі прыемна і крыху нечакана, што атрымалася заняць першае месца. Спадзяёмся, калі вырасцем, стаць добрымі вадзіцелямі аўтамабіля.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga