Надзейны сябар і абаронца работніка – прафсаюз

Важнае Грамадства

Старшыняў пярвічак, членаў раённага камітэта галіновага прафсаюза, раённай рэвізійнай камісіі сабраў VIII пленум райкама Дзятлаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, які праходзіў з удзелам старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыя Макарчыка і начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Наталлі Белаус.

Старшыня аб’яднання Станіслаў Фабішэўскі расказаў пра работу галіновага прафсаюза, падкрэсліў, што абарона сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза рэалізуецца ў тым ліку і праз ажыццяўленне грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы, яе ахове, аплаце і праз удзел у нарматворчай дзейнасці. Падрабязна спыніўся на праведзеных у 2021 годзе прафсаюзных маніторынгах, іх выніках, рабоце наймальнікаў і прафкамаў па ахове працы і рэалізацыі канцэпцыі “нулявога траўматызму”, пытаннях фарміравання заработнай платы, дадатковых мерах стымулявання работнікаў, працоўных і сацыяльна-эканамічных гарантыях для моладзі, іншых тэмах.

Таксама адзначыў, што для рэалізацыі задачы па стварэнні агульнай інфармацыйнай прасторы, новых каналаў распаўсюджвання інфармацыі і эфектыўнага супрацьдзеяння дэзынфармацыі, раённая прафсаюзная арганізацыя прысутнічае ў розных сацыяльных сетках, дзейнічаюць свае Viber-супольнасці і Тэлеграм-каналы.

Што тычыцца санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення работнікаў на 2021-2025 гады, было падрахункавана, што летась Дзятлаўская галіновая прафсаюзная арганізацыя з пастаўленымі ў гэтым кірунку задачамі справілася, у тым ліку за кошт тураў выхаднога дня. Выканала яна і нарматыў стандарту прафсаюзнага бюджэту па турысцка-экскурсійнай дзейнасці.

Акрэсліваючы прыярытэты далейшай работы, Станіслаў Фабішэўскі зазначыў, што ў Год гістарычнай памяці на дзяржаўным узроўні зацверджаны рэспубліканскі план мерапрыемстваў. У сістэме Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі гэты год аб’яўлены Годам якасці ў рабоце, таму варта яе павышаць на ўсіх напрамках дзейнасці раённага галіновага аб’яднання.

На пленуме таксама былі разгледжаны пытанні выканання ў 2021 годзе і фарміравання на 2022 год каштарысу даходаў і расходаў Дзятлаўскага райкама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, змяненні ў складзе рэвізійнай камісіі. Вопытам паспяховай прафсаюзнай дзейнасці падзяліліся кіраўнікі і актывісты галіновых пярвічак – Кацярына Стракоўская, Таццяна Маер, Святлана Кетка.

Валерый Макарчык падрабязна расказаў аб дадатковых гарантыях і магчымасцях для членаў прафсаюза ў сферы турысцка-экскурсійнай дзейнасці і пры аздараўленні ў санаторных установах. Ён падзякаваў за плённую работу ў справаздачны перыяд і заклікаў да актыўнага ўдзелу ў конкурсе на лепшую прафсаюзную пярвічку.

На пытаннях выніковага сацыяльнага партнёрства з галіновым прафсаюзам спынілася начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: