Кветкі з салодкім сюрпрызам і шчырыя словы

Важнае Культура і адпачынак

Вясна – час новых планаў, надзеі, натхнення і добрага настрою.

Гэтым паспяшаліся скарыстацца артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам з супрацоўнікамі бібліобуса Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.

У рамках віншавальнай акцыі “Букет з самых пяшчотных словаў” яны наведалі аддаленыя вёскі раёна – Агароднікі, Жыхі, Харашкі, Белалозы, Белагурна, Ягаднае. Жанчынам, якія там жывуць, госці падарылі радасць сустрэчы, вясновы настрой і шчырыя словы пажадання здароўя, міру, дабрабыту.

– Прыемным дапаўненнем да віншаванняў сталі яркія кветкі-сюрпрызы, зробленыя з паперы рукамі нашых майстрых, – расказала загадчыца сектара Ганна Харлінская. – За пялёсткамі кожнай такой кветачкі была схавана цукерка. Простыя, прыемныя, арыгінальныя падарункі і нашы шчырыя віншаванні спадабаліся жанчынам, і, у сваю чаргу, яны адорвалі нас светлымі ўсмешкамі, словамі ўдзячнасці. Людзі расказвалі, што чакаюць такіх сустрэч з нецярпеннем, бо для іх гэта магчымасць выбраць для чытання цікавыя кнігі, даведацца аб галоўных падзеях, якія адбываюцца ў раёне, атрымаць зарад бадзёрасці і добрага настрою. Нездарма, развітваючыся з намі, землякі кажуць: “да наступных сустрэч”. А для работнікаў культуры вялікае шчасце – дарыць радасць вяскоўцам з самых аддаленых куточкаў нашага раёна, паказваць ім, што свята прыходзіць да кожнага, хто яго чакае.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены артыстамі сектара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga