Гістарычная памяць. Гэта было ў Пушчы Ліпічанскай

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Гэта аповед пра падзеі, якія ўсё далей і далей адыходзяць у гісторыю.

Аб гэтым ведаюць не сучаснікі тых жахлівых часоў Вялікай Айчыннай вайны, а іх дзеці. Упэўнены, што аб іх будуць помніць і будучыя пакаленні. У 2022 годзе споўніцца трагічная 80-я дата падзей, звязаных з карнай аперацыяй фашысцкіх войск у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі нашага раёна.

Сям’я Франца Іосіфавіча Чайкоўскага і яго жонкі Юзэфы Іванаўны жыла ў Пушчы Ліпічанскай вельмі даўно. Яны валодамі пэўным надзелам зямлі, нават было каля гектара свайго лесу. Працаваць прыходзілася вельмі шмат. Сям’я была вялікая, і таму дом пабудавалі на два канцы. Каля сядзібы вальготна раскінуліся векавыя дубы, пад кронамі якіх рэдкую гадзіну прыходзілася разагнуць спіну, адпачыць. Цяпер іх засталося 2, а ў даваенны час было 7. Тут разам з працавітымі гаспадарамі падрасталі іх дзеці: дочкі Уладзіслава і Геанарда. Вялікая надзея ўскладвалася на будучага гаспадара Альфонса, які нарадзіўся ў 1930 годзе. Непадалёк жылі і вялі сваю гаспадарку сем’і Івана і Васіля Белавусаў. На пляцы Сухоцкага была лазня, якой да снежня 1942 года карысталіся партызаны. Падтрымліваліся цесныя сувязі з сем’ямі Міхася Мацукевіча, Станіслава Дудзіча і іншымі вяскоўцамі.

Вайна прыйшла ў іх вёску ў канцы чэрвеня 1941 года. Чайкоўскія назіралі, як адступала Чырвоная Армія, дапамагалі адзінокім чырвонаармейцам, якія шукалі прытулак, а затым партызан. У гумне Франца Чайкоўскага была схавана вайсковая радыёстанцыя, якую планавалася перадаць партызанам. З вясны 1942 года яны ўсё часцей давалі знаць аб сабе. Пушча Ліпічанская стала для іх тым месцам, адкуль можна было наносіць адчувальныя ўдары па нямецка-фашысцкіх захопніках. Тады, у канцы кастрычніка 1942 года, сярод балот урочышча Ройста пачаў працаваць партызанскі шпіталь. Камандаванне фашысцкіх войскаў запланавала адным націскам завяршыць барацьбу з партызанамі і з тымі , хто ім дапамагаў, поўнасцю знішчыць цыган і яўрэяў. У іншых раёнах Беларусі карныя аперацыі насілі назвы “Зімовае чараўніцтва”, “Прыпяцкія балоты”, “Майскі гром”, ”Вясенняе свята”, “Заяц-бяляк”, “Чароўная флейта” і іншыя. На тэрыторыі нашага раёна такая аперацыя называлася “Гамбург”. Асноўная яе задача – барацьба з партызанамі і знішчэнне мірнага насельніцтва, як сведкаў жорсткіх, бесчалавечных дзеянняў нямецкіх акупантаў. Вайсковая група пад камандаваннем эсэсаўца Готберга праводзіла яе на тэрыторыі раёна з 7 снежня 1942 года да 1 студзеня 1943 года. Вечарам 12 снежня 1942 года карнікі пачалі наступленне. Да загаду было дапаўненне: “Асобныя падраздзяленні баявой групы Готберга на шляху руху да лініі (вечар 12. ХII) маюць права бязлітасна распраўляцца з асобамі і вёскамі, якія садзейнічаюць ворагу”.

14 снежня 1942 года першы атрад нямецкіх войскаў пры падтрымцы паліцаяў з’явіўся ў вёсцы Пушча Ліпічанская. Як і ў іншых вёсках, іх ніхто не чакаў. Праўда, ужо былі чуткі аб аблавах немцаў на партызан. Франц Чайкоўскі быў спакойны і нават запрасіў да сябе пажыць сям’ю Ігната Валяка. Той паслухаў і на час зімы перабраўся ў вялікі дом Чайкоўскіх разам з двума малалетнімі дачушкамі. Пад пагрозай смерці сям’і фашысты заставілі Франца Чайкоўскага паказаць, дзе знаходзіцца партызанскі шпіталь. Руплівы гаспадар добра ведаў нямецкую і польскую мовы, разумеў французскую. Дакладнага месца шпіталя ён не ведаў, але, каб выратаваць сям’ю ад смерці, вырашыў адвесці каля сотні карнікаў у бок вёскі Дзямянаўцы. Калі яны падышлі да ўрочышча Ройста, Франц сказаў, што шпіталь дзесьці за балотам, каля якога расце густы лес. У гэты ж час пачуліся выстралы з боку хаты Чайкоўскага. Над лесам палыхала полымя, чуўся строкат аўтаматаў. Франц папрасіўся, каб яго адпусцілі глянуць, што здарылася. Калі нямецкія салдаты яго паслухалі, ён амаль бягом рушыў да свайго дома.

У гэты ж самы час яшчэ адзін карны атрад наведаўся ў вёску. Яны адразу падпалілі гумно Чайкоўскіх. Хутка пачуўся выбух – узарвалася радыёстанцыя. Тады азвярэлыя карнікі загналі ў хату жонку, дзвюх дачок, сына Альфонса Чайкоўскага, сям’ю Валяка, трох сезонных рабочых. Прыкладамі зброі былі выбіты вокны, дзверы. Дзевяць чалавек як памочнікі партызан стаялі ў хаце насупраць акон пад прыцэлам аўтаматаў карнікаў. Хату карнікі падпалілі і адкрылі аўтаматны агонь па заложніках. Уладзіславы, дачкі Франца і Юзэфы, не было дома. Геанарда хацела выскачыць праз акно, але была застрэлена і засталася ў пылаючай хаце. Альфонс і ўцалелая ад выстралаў маці Юзэфа бачылі, як у валасах сястры і дачкі гарэў пластыкавы грэбень… Апошняе, што яна сказала брату Альфонсу: “Нашага бацьку забілі”. Праз акно яна бачыла, як бацька бег да парога хаты, але фашыст кароткай чаргой з аўтамата яго забіў. Альфонс праз камору выбраўся ў другі канец дома, схаваўся ў каморы, накрыўся зверху старым адзеннем. Маці папрасіла літасці і была залічана ў абоз да немцаў. Засталася жывая, але на наступны дзень загінула. Кабыла, запрэжаная ў воз, спужалася выстралаў і перакінула воз разам з ёю. Суседка, Зіна Астравух, бачыла, што Юзэфа падхапілася і кінулася бегчы. Фашыст быў бязлітасны: ён прыцэліўся і застрэліў жанчыну. Альфонс, калі сціхла страляніна, пачаў задыхацца ад дыму. Ён выскачыў праз акно і пабег у кірунку лесу ў майцы, сарочцы і кажушку. Яго заўважылі немцы і адкрылі ружэйны агонь. Хлопчыку ўдалося выратавацца. Ён схаваўся пад ёлкаю ў лесе і заснуў. Калі прачнуўся, вакол яго стаялі дамашнія авечкі і каровы, як бы ратуючы яго ад холаду. Паглядзець, што адбылося на хутары Чайкоўскіх, вырашыў сусед Якаў Катлоў, які і знайшоў хлопчыка. На адзенні Альфонса налічылі 8 кулявых прабоін, але хлопчык нават не быў паранены. Праз некалькі дзён суседзі прыйшлі на папялішча, пазбіралі астанкі загінулых і пахавалі недалёка ад былой хаты Франца Чайкоўскага пад вялікай разгалістай бярозай. Альфонса ўзялі да сябе родныя з Дзятлава, дзе ён скончыў школу, а калі яму споўнілася 16 гадоў, вярнуўся на папялішча роднай хаты. Новую хату дапамаглі адбудаваць суседзі. На вялікі жаль, Альфонс памёр у саракагадовым узросце, пакінуўшы дзвюх дачок – Ірэну і Леакадзію, сыноў Лявона і Яўгена.

За перыяд карных аперацый фашыстаў падчас Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы і хутарах Пушчы Ліпічанскай было спалена 106 двароў і загінула 109 чалавек. Цяпер дзеці Чайкоўскіх, іх родныя і сваякі часта сустракаюцца пад пушчанскімі дубамі, дзе цёплымі і душэўнымі словамі ўспамінаюць тых, каго забрала жудасная і бесчалавечная вайна.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: