Генадзь Суравец: “Усе мерапрыемствы выключна планавыя”

Важнае Грамадства

У Беларусі праходзіць чарговы прызыў юнакоў на ваенную службу і ваеннаабавязаных грамадзян на зборы.

На жаль, на фоне апошніх сусветных падзей знайшліся ахвочыя “паспекуліраваць” на гэту тэму ў інтэрнэт-прасторы.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец расказаў пра мерапрыемствы, якія праходзяць на Дзятлаўшчыне.

– У сувязі з сітуацыяй, якая адбываецца вакол Беларусі, прыспела неабходнасць давесці да насельніцтва раёна інфармацыю аб мерапрыемствах, якія праводзяцца ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь.

Адразу падкрэслю, што такія мерапрыемствы ажыццяўляюцца кожны год у планавым рэжыме, а не спантанна, не па распараджэнні. І штогод распрацоўваецца чарговы план па іх ажыццяўленні на наступны перыяд.

Што тычыцца збораў ваеннаабавязаных запасу, то план іх быў распрацаваны яшчэ ў мінулым годзе. Мы атрымалі з яго выпіску на тую колькасць ваеннаабавязаных землякоў, якіх неабходна прызваць. Зборы могуць мець розныя задачы: па падрыхтоўцы па ваенна-ўліковай спецыяльнасці; прыпіснога саставу, які прызначаны ў тыя ці іншыя каманды; па пераводзе ўзбраення і тэхнікі на сезонную эксплуатацыю. Зноў жа, хачу адзначыць, што сёлетнія планавыя зборы будуць праходзіць на працягу 2022 года, таму прычын для ажыятажу на іх фоне я, сумленна кажучы, не бачу і не разумею. Сапраўды, некаторыя людзі “спекуліруюць” на гэту тэму, імкнучыся пасеяць паніку, аднак афіцыйна заяўляю, што ніякіх указанняў аб мерапрыемствах па прызыве на зборы і далейшай адпраўцы куды-небудзь нашых ваеннаабавязаных не планавалася, не плануецца і, я думаю, у перспектыве нават не разглядаецца.

Зноў жа, ёсць невялікі ажыятаж з-за мерапрыемстваў, якія праводзяцца згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і рашэннем раённага выканаўчага камітэта па прызыве юнакоў, якія дасягнулі прызыўнога ўзросту, на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве. Падкрэслю, такія мерапрыемствы праходзяць двойчы на год, яны заўсёды ладзяцца планава, без усялякіх аўралаў. З лютага мы пачалі ажыццяўляць іх у нашым раёне. Планава прызыўнікі выклікаюцца на медыцынскае асведчанне, дзе вызначаецца іх ступень годнасці да тэрміновай службы. Тыя, хто па медыцынскіх паказаннях годныя, будуць выклікацца на прызыўныя камісіі, дзе ім давядзём рашэнні аб прызыве, назавём воінскія часці, дзе будуць праходзіць тэрміновую ваенную службу або службу ў рэзерве. Усе яны будуць служыць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, выключна на тэрыторыі нашай краіны, таму прычын для панікі няма.

Жыхарам Дзятлаўшчыны, каб яны не станавіліся ахвярамі лжывых фактаў, нагадаю, што ў Беларусі ёсць афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якія праўдзіва асвячаюць сітуацыю, таму найлепшае рашэнне – давяраць менавіта дзяржаўным СМІ. Па ўсіх незразумелых пытаннях можна звяртацца ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна, дзе вы атрымаеце праўдзівую, поўную, дакладную і аб’ектыўную інфармацыю.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga