Дзейнічаем на апярэджанне

Важнае Грамадства

10 сакавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў абласны Дзень аховы працы, у час якога мабільная група наведала з інспекцыяй ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”.

У састаў камісіі ўвайшлі старшыня Валерый Макарчык і грамадскі інспектар па ахове працы Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Сяргей Малышчык, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка, а таксама памочнік доктара-гігіеніста Дзятлаўскага райЦГЭ Марыя Шымчык, якіх суправаджаў інжынер па ахове працы ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” Уладзімір Лаўнік.

У час праверкі інспектары акцэнтавалі ўвагу на правядзенні інструктажаў і праверкі ведаў кіраўніцтвам прадпрыемства, парадку выдачы нарадаў-допускаў да работ на вышыні і ажыццяўленні падрыхтоўчых мерапрыемстваў, выкарыстанні сродкаў калектыўнай і індывідуальнай абароны ў арганізацыі. Не абышла ўвагай камісія ўмовы працы і адпачынку работнікаў “Сельгастэхнікі”, інспектары адзначылі падтрыманне парадку на вялікай тэрыторыі і ў вытворчых памяшканнях, пастаяннае абнаўленне матэрыяльнай базы, уважлівае стаўленне да патрэбаў працоўнага калектыву.

– На працягу двух тыдняў кіраўніцтву прадпрыемстваў і арганізацый, якія мы наведалі, будуць выдадзены рэкамендацыі па выпраўленні недахопаў, выяўленых у час маніторынгу, – патлумачыў Валерый Макарчык. – Аднак варта заўважыць, што ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка” дзейнічае на апярэджанне: у самыя кароткія тэрміны выконвае нашы рэкамендацыі па паляпшэнні ўмоваў працы і тэхнікі бяспекі, выказаныя ў час маніторынгу.

У межах Тыдня нулявога траўматызму мабільная група наведала Дзятлаўскае РУП ЖКГ, установы культуры і адукацыі.

Наталля АВЯРЧУК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga