Душа не старэе, а сэрца б’ецца для людзей. Еўдакіі Улога – 95 гадоў

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Еўдакія Рыгораўна называе Дзятлаўшчыну сваёй другой Радзімай, бо сюды, у Алёхнавіцкую пачатковую школу, прыехала настаўнічаць пасля заканчэння ў 1947 годзе Крычаўскага педагагічнага вучылішча.

На рахунку былой настаўніцы 44 гады педагагічнай працы, званне “выдатніца народнай асветы Беларусі”, Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі БССР, абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, больш за 20 паслядоўнікаў, якія, дзякуючы яе прыкладу, выбралі педагагічную дарогу, а галоўнае – безліч сяброў і блізкіх па духу людзей, якія, аднойчы ў сваім жыцці сустрэўшы гэту шчырую жанчыну, як ад шчодрага сонца саграваюцца яе цеплынёй, зараджаюцца аптымізмам і надзеяй.

Нездарма ў юбілейны дзень нараджэння, акрамя сям’і сына Алега, павіншаваць Еўдакію Улогу з яе 95 вясной прыехалі даўнія сяброўкі – старшыня раённай ветэранскай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Раіса Ганчарэвіч, яе намесніца Яўгенія Савань, педагог-ветэран Раіса Лакіза, якая доўгі час працавала з юбіляркай у адной школе. Самыя шчырыя словы віншаванняў і падарункі падрыхтавалі сакратар раённага савета ветэранаў Ядвіга Гушча і старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, яна ж начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, словы шчырай павагі выказалі педагогі і дырэктар Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Марына Нячай, карціну ўласнай работы перадала былая настаўніца Алена Абрамчык.

Гартаючы старонкі прафесійнага жыцця Еўдакіі Рыгораўны, на кожнай з іх знаходзім установы адукацыі і педкалектывы Дзятлаўшчыны, у саставе якіх яна працавала дзе менш, дзе даўжэй: Алёхнавіцкая пачатковая школа, пачатковая школа ў Баравіках, Норцавіцкая няпоўная сярэдняя школа, сярэднія школы № 1 горада Дзятлава, Жыбартоўская і Хвінявіцкая. А яшчэ маладая настаўніца займала актыўную жыццёвую пазіцыю, была сакратаром школьнай камсамольскай арганізацыі, старалася прывіваць сваім вучням любоў да працы, цікавасць да роднай гісторыі і лёсаў вядомых людзей. У 60-70 гадах Еўдакія Рыгораўна наладзіла перапіску з Аляксеем Марэсьевым, нават атрымала фотаздымак з яго аўтографам, некалькі гадоў перапісвалася з маці піянера-героя Мікалая Гойшыка, з вучнямі падрыхтавала для яе выязны канцэрт. Цяпер увесь свой архіў перадала ў музей Хвінявіцкай школы і ў Дзятлава. Прыкладам для іншых яна з’яўлялася і ў прафесійнай дзейнасці: абсталявала лепшы ў раёне і вобласці кабінет настаўніка пачатковых класаў, затым – кабінет працоўнага навучання. Еўдакія Улога вучыла дзяцей не толькі чытаць, пісаць, лічыць, але і шыць, вязаць, вышываць, майстраваць карціны з прыроднага матэрыялу. Ранейшыя работы настаўніцы-юбіляркі і сёння ўпрыгожваюць інтэр’ер яе кватэры.

З будучым мужам – каханнем усяго свайго жыцця – маладая настаўніца пазнаёмілася ў Норцавічах, калі, перавёўшыся ў Баравікі, прыпісвалася да мясцовай камсамольскай арганізацыі. Часы былі пасляваенныя, неспакойныя, па лясах яшчэ хаваліся банды калабарацыяністаў, якія “палявалі” на партыйных дзеячаў і камсамольцаў. Ведаючы гэта, Аляксандр Улога праводзіў прыгожую маладую калегу амаль тры кіламетры да месца яе назначэння, пасля яшчэ доўга махаў ёй рукой. Першая сустрэча аказалася лёсавызначальнай. У далейшым педагогі шмат гадоў адпрацавалі поруч, жылі душа ў душу, Аляксандр Улога пэўны час быў дырэктарам Хвінявіцкай школы, таму ў аграгарадку іх сям’ю ведаюць і паважаюць усе.

Нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Еўдакія Рыгораўна не траціла марна часу: яна пабывала ў пушкінскіх мясцінах, наведала Ясную Паляну і многія гарады Савецкага Саюза.

– 95 гадоў – гэта не жарт, – разважае над пройдзеным жыццёвым шляхам юбілярка. – Я перажыла шмат болю і гора, дасканала памятаю Вялікую Айчынную вайну, выпрабаванні, страты родных людзей, аднак, нягледзячы на ўсе іспыты, у маёй душы заўсёды былі прага да пазнання і любоў да людзей, якімі я выратоўвалася. Цяпер я радуюся за ўсіх, каго вучыла, ведаю, люблю. Настаўніцкая работа была маім вялікім шчасцем, але і ў “восені жыцця” ёсць свая прыгажосць, бо мая маладосць прадаўжаецца ў маіх унуках. Людзям цяперашняга пакалення я жадаю заставацца самімі сабой, любіць жыццё, працаваць, быць чыстымі, сумленнымі, праўдзівымі, шчырай працай змагацца з уласнымі недахопамі і праблемамі.

Цёплыя словы пра юбілярку выказалі і яе сяброўкі.

Раіса Ганчарэвіч:

– Велікадушнасць, міласць да людзей, жаданне дабра – усё гэта Еўдакія Рыгораўна пранесла ў сваёй душы праз доўгае жыццё. Яна вельмі любіла дзяцей, ніколі нікога не пакрыўдзіла. Гэта жанчына з багатай і цікавай біяграфіяй, дастойная самых шчодрых і цёплых слоў. Колькі яе ведаю, заўсёды на яе раўняюся.

Раіса Лакіза:

– На жаль, цяпер мы сустракаемся радзей, але сябруем доўгія 42 гады. З Еўдакіяй Рыгораўнай мы Сяброўкі з вялікай літары, бо ўсё дзялілі разам: гора, боль, радасці, надзею. Яна сустрэла мяне, калі я прыехала працаваць у Хвінявічы, блаславіла на поспех, у яе я вучылася вытрымцы, сіле духу і самаму важнаму ў рабоце з людзьмі – уменню любіць іх ад усяго сэрца.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga