Аб чым не гавораць мужчыны або Скрынінг без сораму

Грамадства Свежыя навіны

Статыстыка па раку прастаты трывожная, аднак нашы мужчыны па-ранейшаму не спяшаюцца абследавацца.

Наколькі небяспечны такі дыягназ? Што такое скрынінг і наколькі ён эфектыўны? Гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт задала намесніку галоўнага доктара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе Дзятлаўскай ЦРБ Таццяне Свіб.

– Ці часта сустракаецца гэта захворванне ў нашай краіне і ў свеце?

– З усіх злаякасных утварэнняў у мужчын рак прастаты стаіць на другім месцы па частаце пасля раку лёгкага. Гэта сусветная статыстыка.

У нас рак прастаты таксама выйшаў на другое месца ў структуры злаякасных новаўтварэнняў. З кожным годам мы выяўляем усё больш новых пацыентаў з гэтай паталогіяй. Радуе, што ў многіх – на ранняй стадыі. Але турбуе, што сярод хворых стала ў некалькі разоў больш маладых мужчын ва ўзросце каля 45 гадоў.

– Што такое скрынінг і для чаго яго робяць?

– Скрынінг – правядзенне масавых абследаванняў з мэтай выяўлення злаякаснага новаўтварэння ў пацыентаў без сімптомаў гэтага захворвання. Калі нічога не турбуе, чалавек лічыць сябе абсалютна здаровым. Аднак рак прастаты на ранніх стадыях ніяк сябе не выдае. Звычайна захворванне пачынае праяўляцца на позніх стадыях, калі пухліна выходзіць за межы прастаты або ўжо дала метастазы. І ў гэтым выпадку адной аперацыяй, на жаль не абысціся.

– У чым заключаецца скрынінг раку прастаты?

– У рэгулярным вызначэнні ўзроўню ПСА (прастат-спецыфічнага антыгена) у крыві ў мужчын ад 50 да 65 гадоў. Пры павышэнні ўзроўню ПСА вышэй за пэўнае парогавае значэнне (традыцыйна гэта 4 нг/мл) робіцца біяпсія прастаты пад кантролем ультрагукавога даследавання. Хачу заўважыць, што пры ўзроўні ПСА вышэй за 4 рак выяўляецца прыблізна ў 30 % выпадкаў, у астатніх — іншыя захворванні. Таму не варта хвалявацца, калі паказчык павышаны. Трэба даабследавацца!

– У каго скрынінг не праводзіцца?

– Няма неабходнасці абследаваць маладых мужчын (да 40 гадоў), паколькі гэта захворванне ў такім узросце практычна не сустракаецца. Ад 40 да 50 гадоў рак прастаты таксама рэдкі, акрамя выпадкаў са спадчыннай схільнасцю – пры наяўнасці ў блізкага сваяка пацыента.

– Пры дапамозе якіх метадаў можна “ўбачыць” рак прастаты?

– Традыцыйна ён дыягнастуецца пры дапамозе пальпацыі прастаты праз прамую кішку. На жаль, гэты просты метад можа выявіць пухліну толькі ў тым выпадку, калі яна дастаткова вялікая. Таму, каб выявіць пухліну на раннім этапе, трэба зрабіць біяпсію. На жаль, пры дапамозе простых метадаў, напрыклад, ультрагукавога даследавання, надзейна вызначыць рак прастаты нельга.

– Куды звяртацца мужчынам, якія хочуць праверыцца?

– Для таго, каб вызначыць узровень ПСА, трэба звярнуцца да доктара агульнай практыкі (участковага тэрапеўта). Пацыенты, якія падлягаюць скрынінгавым даследаванням, здаюць аналіз бясплатна. Калі па выніках аналізу і даабследавання доктар рэкамендуе зрабіць біяпсію, адмаўляцца ад яе не варта. Своечасова пачаўшы лячэнне, можна разлічваць на добры вынік. Бо пры I і II стадыях выжывальнасць набліжаецца да ста працэнтаў. Што ж тычыцца III і IV стадый, то тут вынікі значна горшыя. Вылечыць цалкам IV стадыю раку, на жаль, немагчыма…

– Наколькі эфектыўна правядзенне скрынінгу раку прастаты?

– У Беларусі да 2010 года смяротнасць ад гэтага захворвання на працягу 20 гадоў павялічвалася практычна на 10 % у год. З укараненнем у нашай краіне скрынінгу па раку прастаты смяротнасць ад гэтай хваробы ўжо амаль 7 гадоў запар зніжаецца, нягледзячы на тое, што колькасць захварэлых працягвае расці.

– Ці рэальна цалкам вылечыць рак прастаты?

– Так, абсалютна рэальна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: