Заўсёды на варце

Грамадства Свежыя навіны

У Дварэцкай сярэдняй школе прайшла сустрэча ў рамках рэалізацыі праекта “ШАГ” па тэме “Гонар за Беларусь.

На варце нацыянальнай бяспекі і суверэнітэту”. Мерапрыемства адбылося ў форме анлайн-дыялога. Удзел у ім прынялі вучні 8-11 класаў, а таксама старшыня Цэнтра інфармацыйных тэхналогій Гродзенскай пагранічнай групы капітан Аляксандр Бяляк.

Дзякуючы сучасным тэхналогіям, старшакласнікі мелі магчымасць пагутарыць з дзеючым афіцэрам-пагранічнікам, даведацца пра структуру пагранічнай службы Гродзенскай вобласці, прымяненне інфармацыйных тэхналогій у пагранічнай і мытнай службах. Школьнікаў цікавіла, якімі якасцямі павінен валодаць пагранічнік, дзе можна атрымаць адпаведную адукацыю, якія экзамены для паступлення на ваенныя спецыяльнасці патрэбна здаваць, якія школьныя прадметы найбольш спатрэбяцца будучаму пагранічніку, ці могуць служыць у пагранічных войсках дзяўчаты.

Удзельнікі дыялога прыйшлі да высновы, што ў Беларусі робіцца ўсё, каб абараназдольнасць беларускай арміі была на высокім узроўні  і, пры неабходнасці, яна змагла адстаяць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны. У сённяшні няпросты час, калі палітычныя амбіцыі сумежных дзяржаў становяцца ўсё больш агрэсіўнымі ў дачыненні да нашай Беларусі, ахова граніцы – гэта па-ранейшаму нялёгкая і небяспечная місія, таму прафесія абаронцы Айчыны заўсёды была, ёсць і будзе ганаровай.

Вучні таксама адзначылі, што кожны падлетак павінен зрабіць усё для ўшанавання і захавання памяці аб загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Яны ўпэўнены, што патрэбна памятаць аб мінулым, удзельнічаць у акцыях па добраўпарадкаванні мемарыялаў і помнікаў воінскай славы, надмагільных збудаванняў на воінскіх пахаваннях. Кожны юнак павінен клапаціцца пра сваё здароўе, развіваць фізічную сілу і спрыт, прымаць удзел у рэспубліканскай спартакіядзе па праграме зімовага і летняга мнагаборства  “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнага ўзросту ў рамках Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь, наведваць памятныя мясціны Беларусі.

Лідзія ЖЫХ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: