Са зваротамі грамадзян нядрэнна. З другаснай сыравінай – горш

Важнае Улада

У працы са зваротамі грамадзян дробязяў не бывае

Якія пытанні ў мінулым годзе жыхары рэгіёна адрасавалі прадстаўнікам улады, якія меры трэба прыняць, каб удасканаліць работу са зваротамі грамадзян, – аб гэтым ішла размова на пасяджэнні райвыканкама, якое правёў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі.

У 2021 годзе ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Дзятлаўскага раёна паступіла 304 звароты грамадзян і юрыдычных асобаў (у 2020 годзе – 387), у тым ліку ў Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт – 186. У параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года колькасць зваротаў, якія паступілі ў райвыканкам, зменшылася на 21,5 %.

– Асноўная колькасць леташніх зваротаў адносіцца да кампетэнцыі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і маглі б быць разгледжаны сельвыканкамамі (па пытаннях рамонту дарожнага пакрыцця ў населеных пунктах, выдаленні дрэў на могілках у сельскай мясцовасці, па пытаннях жыллёвага фонду, аказання камунальных паслуг, паляпшэння жыллёвых умоў і іншыя), – адзначыла ў сваім дакладзе намеснік начальніка аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама Марына Панкевіч.

Шэраг сацыяльна значных для насельніцтва пытанняў па тэматыцы жыллёвага фонду і жыллёва-камунальнай гаспадаркі вырашана ў 2021 годзе станоўча. Да прыкладу, на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў пастаўлены 32 сям’і, для пражывання зацікаўленым асобам выдзелены 52 кватэры камерцыйнага карыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду, 15 сем’ям з дзецьмі прадастаўлена субсідыя ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 ліпеня

2017 года № 240 “Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў”. 38 заяўнікаў уключаны ў спіс грамадзян на атрыманне крэдыту на рэканструкцыю жылых памяшканняў. Райвыканкамам прыняты рашэнні аб датэрміновай выплаце сямейнага капіталу на паляпшэнне жыллёвых умоў 60 шматдзетным сем’ям. Завершана будаўніцтва і ўведзены ў эксплуатацыю 72-кватэрны шматпавярховы жылы дом.

Пасля капітальнага рамонту ўведзены ў эксплуатацыю два шматкватэрныя жылыя дамы ў Дзятлаве: № 21 па вуліцы Чапаева (455 кв. м, выдаткавана бюджэтных сродкаў на суму 100 тысяч рублёў і сродкаў з адлічэнняў грамадзян на суму 65 тысяч рублёў) і № 22 па вуліцы Перамогі (1402 кв. м, затрачана бюджэтных грашовых сродкаў на суму 261,97 тысячы рублёў і сродкаў з адлічэнняў грамадзян на суму 165,67 тысячы рублёў).

У рамках выканання Рэгіянальнага плана па навядзенні парадку на зямлі Дзятлаўскім РУП ЖКГ праведзена мадэрнізацыя і добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі мікрараёна вуліц Перамогі, Чырвонаармейскай і К. Цэткін, асфальтаванне вуліцы Азёрнай у райцэнтры. Уведзены ў эксплуатацыю пасля рамонту мост на вуліцы Камсамольскай у Дзятлаве.

У мэтах паляпшэння забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва Дзятлаўскага раёна ўведзена ў эксплуатацыю станцыя абезжалезвання ў аграгарадку Раклевічы і праведзена аптымізацыя сетак водазабеспячэння ў гарпасёлку Наваельня з падключэннем станцыі абезжалезвання, выканана падключэнне свідравін да станцыі абезжалезвання ў горадзе Дзятлаве.

У мэтах павышэння эфектыўнасці працы сістэм цеплазабеспячэння і забеспячэння энергетычнай бяспекі праведзена тэхнічная мадэрнізацыя з заменай катлоў у кацельнях Дзятлаўскага РУП ЖКГ у аграгарадках Таркачы і Лапушна.

І гэта толькі некалькі прыкладаў вырашаных пытанняў, якія прывяла Марына Лявонаўна.

Неабходна адзначыць, што з 16 зваротаў, якія паступілі ад жыхароў Дзятлаўскага раёна ў вышэйстаячыя органы ў 2021 годзе, раней на раённым узроўні разглядаліся 11. Пасля звароту ў вышэйстаячыя органы быў зменены першапачатковы вынік разгляду аднаго звароту па пытанні знаходжання дзіцяці пасля заканчэння навучання ва ўстанове адукацыі.

– Звароты грамадзян – гэта індыкатар, па якім вызначаюцца праблемныя моманты, якія хвалююць людзей. Па выніках мінулага года выпрацавалася некалькі тэндэнцый, у прычынах якіх трэба дэталёва разабрацца, хоць агульная колькасць зваротаў у раёне скарацілася, – падрахункаваў тэму Андрэй Садоўскі.

Вынесі смецце з хаты

Яшчэ адна тэма была разгледжана на пасяджэнні райвыканкама па выкананні ўстаноўленых заданняў па зборы (нарыхтоўцы) і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўшчыны ў 2021 годзе.

З абагульненай інфармацыяй аб праведзенай у мінулым годзе рабоце ў гэтым кірунку выступіў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік:

– На Дзятлаўшчыне дзейнічае 7 прыёмных пунктаў другаснай сыравіны, з якіх 6 стацыянарныя і адзін перасоўны. На тэрыторыі раёна ўстаноўлены 221 кантэйнер для паасобнага збору цвёрдых камунальных адходаў. Летась укаранёна кантэйнерная сістэма паасобнага збору цвёрдых камунальных адходаў ад кожнага домаўладання ў раёне індывідуальнай жылой забудовы ў горадзе Дзятлаве, часткова ў гарпасёлку Наваельня, у сувязі з чым былі перададзены жыхарам раёна на адказнае захоўванне 1935 кантэйнераў для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў і 3780 кантэйнераў для збору цвёрдых камунальных адходаў. Прадугледжана месца для дасартыроўкі камунальных адходаў.

Дзятлаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за парушэнне заканадаўства ў частцы выкарыстання адходаў у якасці другасных матэрыяльных рэсурсаў у 2021 годзе выдадзены прадпісанні 6 юрыдычным асобам: КСУП “Жукоўшчына”, ТАА “Фортум-Бел”, ТАА “Санта-Рытэйл”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, КСУП “Войневічы”, ТАА “Агражалезабетон”; дзве юрыдычныя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці на суму 2610 рублёў, адна службовая асоба – на суму 145 рублёў.

За несанкцыянаванае размяшчэнне другасных матэрыяльных рэсурсаў, іншых адходаў па-за вызначанымі месцамі захоўвання 5 юрыдычным асобам і адной фізічнай асобе прад’яўлены прэтэнзіі аб кампенсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю на суму 2 348,97 рубля.

У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў па зборы (нарыхтоўцы) другасных матэрыяльных рэсурсаў у 2021 годзе ў нашым раёне сабрана і здадзена 635,2 тоны адходаў паперы і кардону; 312,1 тоны адходаў шкла; 191,4 тоны палімерных адходаў; 127,2 тоны зношаных шын; 34,2 тоны адпрацаваных алеяў; 33,2 тоны адходаў электрычнага і электроннага абсталявання.

З шасці заданняў выкананы чатыры.

Завяршаючы пасяджэнне райвыканкама, кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі звярнуўся да прысутных:

– Вельмі сур’ёзна аднясіцеся да пытання, якое разглядалася, неабходна актывізаваць работу па зборы другаснай сыравіны як фізічнымі, так і юрыдычнымі асобамі. Неабходна кожнаму дзятлаўчаніну растлумачыць, як і куды здаваць адходы, таму што некаторыя да гэтага часу за норму лічаць выкідваць іх у лес, на абочыну дарогі, у поле. Дзятлаўская ЖКГ, адрэгулюйце, а калі трэба, то і павялічце перыядычнасць збору адсартаваных ДМР у насельніцтва (чырвоных і шэрых бакаў). Важна, што адсартаваўшы і здаўшы другасныя матэрыяльныя рэсурсы, мы палепшым экалогію раёна. Вы, паважаныя кіраўнікі, пачніце з сябе, пакажыце прыклад членам сваіх працоўных калектываў, суседзям па месцы жыхарства, як трэба гэта рабіць.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: