Рэферэндум-2022. Галасаванне працягваецца

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца галасаванне на рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

– На Плябанавіцкім выбарчым участку № 13, размешчаным у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, дзятлаўчане галасуюць таксама актыўна, як і ў датэрміновыя дні, – расказала старшыня камісіі Галіна Альфяровіч. – Да людзей, якія па стане здароўя не могуць прыйсці і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, ад нашага ўчастка ў саставе двух членаў камісіі выязджаюць тры групы і прадастаўляюць магчымасць прагаласаваць.

А тым часам рэспубліканскі рэферэндум працягваецца. Удзельнікі дзеляцца сваімі ўражаннямі:

Леанід і Кацярына Лішыкі з вёскі Апаліна-Басіна:

– Стараемся ніколі не прапускаць такія важныя мерапрыемствы, бо сёння ад кожнага з нас залежыць, якой будзе наша краіна ў будучыні. Зноў жа, мы клапоцімся не толькі пра свой заўтрашні дзень, але і пра лёс дзяцей, якіх у нас трое, хочам, каб яны былі патрыётамі Радзімы, раслі, атрымлівалі адукацыю і станавіліся асобамі ў мірнай, сацыяльна-арыентаванай і незалежнай Беларусі, ушаноўвалі памяць продкаў, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны, стваралі сем’і з традыцыйнымі каштоўнасцямі.

Міхаіл Быстрыцкі з вёскі Труханавічы:

– Сёння надвор’е як на заказ. Яно надало мне добры настрой, з якім я і прыйшоў на выбарчы ўчастак. Адчуваю натхнёную атмасферу вакол, і гэта нядзіўна, бо ў сонечную нядзелю беларускі народ выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю, выбудоўвае будучы палітычны курс. Прыйсці на рэферэндум і прагаласаваць – абавязак кожнага беларуса, якому неабыякава, што будзе заўтра.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ



Теги: