Пнеўматычная зброя: што законна, што не

Важнае Здарэнні і бяспека

На тэрыторыі рэспублікі пачасціліся злачынствы з выкарыстаннем пнеўматычнай зброі і канструкцыйна падобных да яе вырабаў.

Варта ведаць, што пнеўматыка дзеліцца на дзве катэгорыі: зброя (усё, што мае дульную энергію звыш 3 джоўляў) і “канструкцыйна падобныя да яе вырабы” – яны маюць магутнасць да 3 джоўляў.

Для гандлю зброяй, у тым ліку пнеўматычнай (звыш 3 джоўляў) неабходна ліцэнзія. Выдаюць яе ў Міністэрстве ўнутраных спраў і толькі юрыдычным асобам. Калі прадаўцы прапануюць што-небудзь “больш магутнае”, ведайце, што гэта прадаюць вам незаконна. У той жа час, дазвол на набыццё пнеўматыкі да 7,5 джоўляў  не патрабуецца, такая зброя рэгістрацыі ў органах унутраных спраў не падлягае.

Нярэдка прадаўцы пнеўматыкі на рынках і ў інтэрнэце з-за прагі нажывы падманваюць сваіх пакупнікоў, незаконна рэалізуючы ім пнеўматычную зброю звыш 3 джоўляў. Яны ўпэўнена тлумачаць, што з яе можна страляць, дзе заўгодна, куды заўгодна, і ніякіх дакументаў для яе пакупкі, захоўвання, нашэння не патрабуецца. На самой справе, пнеўматычная зброя прызначана для першапачатковага навучання стральбе толькі ў спецыялізаваных памяшканнях. Нават “лёгкая” пнеўматыка (да 3 джоўляў) можа нанесці сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні чалавеку ці жывёле, а пры траплянні ў вобласць шыі, галавы – страту слыху, зроку і нават смерць, што вядзе да крымінальнай адказнасці.

Варта памятаць, што за незаконныя нашэнне, перавозку і іншыя дзеянні з пнеўматычнай зброяй прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ад 8 да 10 базавых велічыняў з канфіскацыяй прадмета адміністрацыйнага правапарушэння ці без. Акрамя гэтага, такія дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, а таксама незаконны выраб або збыт пнеўматычнай зброі вядуць да крымінальнай адказнасці, і санкцыі заканадаўства прадугледжваюць пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на 3 гады.

Заўвага: асоба, якая добраахвотна здала пнеўматычную зброю і канструкцыйна падобныя да яе вырабы, вызваляецца ад адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці.

Кругласутачна ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама працуюць тэлефоны гарачай лініі: 8-01563-2-13-34, 8-01563-2-23-31, 8-029- 3508064, 8-029-5806042; ва ўпраўленні ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама – 8-0152-79-73-33. Па гэтых нумарах можна паведаміць аб фактах незаконнага абароту пнеўматычнай і іншай зброі. Ананімнасць гарантавана.

Сяргей ЮШКЕВІЧ,
старшы інспектар АУС Дзятлаўскага райвыканкама 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga