Павялічаны памеры дапамог на дзяцей

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

З 1 лютага 2022 года павялічыліся памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей.

Гэта звязана як з павелічэннем сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў (далей – СЗП), так і з ростам бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (далей – БПМ).

Дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці (аднаразовая) складае:

пры нараджэнні першага дзіцяці: 10 БПМ – 2 965,50 рубля;

пры нараджэнні другога і наступных дзяцей: 14 БПМ – 4 151,70 рубля.

Дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыі аховы здароўя Рэспублікі Беларусь да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці – 296,55 рубля (1 БПМ).

Штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў складае:

на першае дзіця: 35 % СЗП – 539,56 рубля;

на другое і наступнае дзіця: 40 % СЗП – 616,64 рубля;

на дзіця-інваліда: 45 % СЗП – 693,72 рубля.

Штомесячная дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў (прызначаецца сем’ям, якія выхоўваюць адначасова дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў і ад 3 да 18 гадоў): 50 % БПМ – 148,28 рубля. Дапамога выплачваецца адна на сям’ю і не залежыць ад колькасці дзяцей, старэйшых за 3 гады, якія выхоўваюцца ў сям’і.

Штомесячная дапамога на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў (у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў; выхоўваецца ВІЧ-інфіцыраванае дзіця ва ўзросце да 18 гадоў; бацька (айчым) праходзіць тэрміновую ваенную або альтэрнатыўную службу; абодва бацькі з’яўляюцца інвалідамі I або II групы, а таксама калі адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I групы, а другі яго даглядае) складае:

на дзіця-інваліда старэйшага за 3 гады: 70 % БПМ – 207,59 рубля;

на астатніх дзяцей старэйшых за 3 гады: 50 % БПМ – 148,28 рубля.

Асобам, якія адначасова маюць права на дапамогу на дзяцей ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў і на дапамогу на дзяцей, старэйшых за 3 гады з асобных катэгорый сем’яў, прызначаецца і выплачваецца адзін від дапамогі на іх выбар.

Звяртаем увагу атрымальнікаў дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў: памер дапамогі (100 % ці 50 % ад устаноўленага) залежыць ад занятасці асобы, якая даглядае дзіця. Калі асоба працуе больш чым на 0,5 штатнай адзінкі або выконвае работу па дагаворы падраду, дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў будзе выплачвацца толькі напалову. Калі дзіця даглядае бацька, які не працуе, то маці па месцы сваёй працы будзе атрымліваць дапамогу ў поўным памеры. Індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты, натарыусы, рамеснікі маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў у поўным памеры толькі ў выпадку афіцыйнага прыпынення дзейнасці.

Выплата прызначаных дапамог спыняецца, калі дзіця трапляе ў дзіцячую інтэрнатную ўстанову, установу адукацыі з кругласутачным рэжымам знаходжання, а таксама ў выпадку выезду дзіцяці за межы Рэспублікі Беларусь на тэрмін больш за два месяцы.

Даведкі па тэлефоне 6-35-77.

Марыя ЖЫДКО,
начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела Фонду сацыяльнай абароны