“Нашы землякі” – яркія асобы Дзятлаўшчыны

Галоўнае Культура і адпачынак Падзеі

Дыплом лаўрэата рэспубліканскага конкурсу культурных праектаў патрыятычнай тэматыкі і грашовы прыз больш за 2 тысячы рублёў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы атрымала Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка – цэнтр агульнадаступнай інфармацыі за інтэрнэт-праект “Нашы землякі”, прадстаўлены ў намінацыі “Лепшы інтэрактыўны бібліятэчны праект культурна-асветніцкай дзейнасці сярод сельскіх бібліятэк”.

Урачыстая цырымонія і святочны канцэрт вядомых выканаўцаў беларускай эстрады праходзілі ў зале Перамогі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, куды запрасілі загадчыцу Казлоўшчынскай бібліятэкі Людмілу Хілімончык. Лепшых артыстаў, рэжысёраў, грамадскіх дзеячаў, мастакоў, музыкантаў, прадстаўнікоў музейнай, бібліятэчнай справы ўзнагародзіў міністр культуры Анатоль Маркевіч.

Адзначана, што 2021-ы – Год народнага адзінства – у Беларусі быў яркім і шчодрым на маштабныя творчыя акцыі, якія адлюстроўвалі любоў да роднай зямлі і яе самабытнай гісторыі.

– Наш праект “нарадзіўся” з экспазіцыі 2020 года “Тут карані, адсюль вытокі”, якая рыхтавалася да 80-годдзя ўтварэння Дзятлаўскага раёна і была прадстаўлена на свяце гарпасёлка Казлоўшчына, – расказала Людміла Хілімончык. – Работу над краязнаўча-патрыятычным праектам аб таленавітых людзях казлоўшчынскай зямлі было вырашана прадоўжыць, у сувязі з пандэміяй яна перайшла ў лічбавы фармат. Усяго падрыхтавана 5 выпускаў відэабіяграфій. Каманда праекта – калектыў нашай установы, дзе са мной працуюць бібліятэкары Людміла Антончык і Аксана Лішык.

Стаць лаўрэатамі рэспубліканскага конкурсу не меркавалі, аднак гэта не першая такая перамога. У 2019-м годзе нам пакарыўся V рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”. Цяпер працуем над праектам “Духоўная каштоўнасць пасёлка”, прадаўжаем краязнаўчыя пошукі, бо хочацца, каб падрастаючае пакаленне ведала землякоў, якія прысвяцілі сваё жыццё служэнню і праслаўленню Радзімы.

Разам з Людмілай Хілімончык у сталіцы наш раён прадстаўлялі дырэктар Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка і яе намесніца Ганна Вянско.

Вольга Бойка таксама падзялілася ўражаннямі ад удзелу ў сустрэчы:

– Ад паездкі ў Мінск засталіся самыя станоўчыя эмоцыі. У сталіцы мы прадставілі выставу “Патрыятычна-краязнаўчы праект “Нашы землякі”, усе 5 відэаролікаў і іх друкаваныя варыянты з фотаздымкамі і рэчамі-атрыбутамі. Гэта былі карціна  казлоўшчынскага мастака Вікенція Ражко, фотаздымак алімпійскага чэмпіёна 1968 года лёгкаатлета Міхаіла Жалабоўскага, пісьмо ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, ганаровага жыхара пасёлка Казлоўшчына Міхаіла Макуліка і яго гімназічны фотаздымак. Жонка ветэрана, Аляксандра Макулік, у ваенны час была начальнікам рабочага атрада па будаўніцтве чыгункі стратэгічнага прызначэння на Курскай дузе, на выставу мы прывезлі копіі яе школьнага атэстата і Ганаровых грамат. Пра галоўнага доктара Гродзенскай абласной бальніцы, аўтара навуковых работ, кніг і зборнікаў, Валянціна Ражко нагадвалі медыцынскія прыборы таго часу. Праект і старыя фотаздымкі Казлоўшчыны дэманстраваліся на вялікім экране, ствараючы атмасферу пагружэння ў гістарычнае мінулае.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: