На Дзятлаўшчыне стартавала галасаванне на рэспубліканскім рэферэндуме (+відэа)

Грамадства Свежыя навіны

Сёння, у асноўны дзень галасавання на рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, выбарчыя ўчасткі пачалі работу ў 8 гадзін раніцы.

На Кастрычніцкім участку № 8 у Дзятлаве раніца пачалася з апячатвання урны для галасавання і урны для выязнога галасавання, пераправеркі дакументаў і вырашэння арганізацыйных нюансаў. Выбарчая камісія пад старшынствам Марыі Шавель і назіральнікі прыступілі да работы.

У ходзе датэрміновага галасавання на Кастрычніцкім участку прагаласавала каля паловы выбаршчыкаў, сёння таксама чакаецца актыўная яўка.

У хуткім часе пасля адкрыцця выбарчага ўчастка тут з’явіліся першыя наведвальнікі. У іх ліку – жыхар вуліцы Навагрудскай Міхаіл Бельскі. Ён лічыць, што ўсе важныя справы трэба пачынаць раніцай:

– Прачынаюся рана, таму вырашыў не адкладваць на потым наведванне выбарчага ўчастка. Цяпер можна спакойна займацца сваімі справамі. Прыйшоў сёння адзін, бо сям’я ўжо прагаласавала датэрмінова, – кажа мужчына.

Таццяна Лупік зайшла прагаласаваць па дарозе на работу ў Дзятлаўскую раённую бальніцу. Жанчына адзначае, што ўдзел у рэспубліканскім рэферэндуме – гэта яе грамадзянскі абавязак, як і кожнага беларуса.

У асноўны дзень галасавання выбарчыя ўчасткі будуць працаваць да 20 гадзін вечара, таму кожны жадаючы паспее аддаць свой вырашальны голас за будучыню нашай краіны. Таксама ў гэты дзень будуць дзейнічаць выязныя брыгады па галасаванні дома.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: