Дзяржтэхагляд – неад’емны крок да “бяспечнага” ўраджаю

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Як хутка ляціць час.

Здавалася, зусім нядаўна аграрыі Дзятлаўшчыны завяршылі апошнія восеньскія палявыя работы, з азартам удзельнічалі ў раённым конкурсе “Лепшы араты-2021”. І вось, чарговая зіма на заходзе. Хутка работнікі поля пачнуць вясновую пасяўную кампанію-2022. У сувязі з гэтым, адным з актуальных пытанняў з’яўляецца падрыхтоўка сельскагаспадарчай тэхнікі да дзяржтэхагляду. Яго паспяховае праходжанне дазволіць бяспечна праводзіць палявыя работы.

Начальнік інспекцыі Дзяржтэхнагляду Дзятлаўскага раёна Аляксандр Шундрык расказаў, ці гатова наша тэхніка да пачатку новага аграрнага сезона:

– На Дзятлаўшчыне дзяржтэхагляд для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў стартаваў 15 лютага. У цэлым па раёне на кантролі інспекцыі знаходзіцца каля 2200 адзінак тэхнікі, 1200 з якіх зарэгістраваны на юрыдычныя асобы. Варта адзначыць, што машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца, колькасць тэхнікі павялічваецца. У гэтым годзе для праходжання дзяржтэхагляду было прадстаўлена 350 адзінак тэхнікі. На сённяшні дзень паспяхова прайшлі гэтую працэдуру 340 адзінак. Гэта гаворыць аб тым, што на нашых прадпрыемствах дасягнуты высокі ўзровень падрыхтоўкі тэхнікі да правядзення дзяржтэхагляду. Так, летась па раёне працэнт праходжання тэхагляду па трактарнай тэхніцы склаў 94 %, па прычапной – 89 %. Прыемна, што па выніках 2021 года мы знаходзімся ў тройцы абласных прызёраў.

На 22 лютага працэдура тэхнічнага агляду праведзена ў чатырох гаспадарках Дзятлаўшчыны: ААТ “Граніт-Агра”, СГФ “АграМілк”, КСУПах “Войневічы” і “Хвінявічы”. У першую чаргу, аглядалася тэхніка, якая будзе ўдзельнічаць у вяснова-палявых работах: энерганасычаныя трактары, пагрузчыкі, прычэпы. Асаблівая ўвага надавалася праверцы тармазной і святлосігнальнай сістэмаў, вонкавага выгляду, наяўнасці ў вадзіцеляў праваў на кіраванне адпаведнай тэхнікай, медыцынскай даведкі. Таксама ў транспартным сродку павінны быць вогнетушыцель, аптэчка, знак аварыйнага прыпынку. Да частых недахопаў пры правядзенні дзяржтэхагляду можна аднесці недастатковую эфектыўнасць дзеянняў рабочай тармазной і няспраўнасць святлосігнальных сістэм, павышэнне люфты ў рулявым кіраванні. Важна памятаць, што калі пры аглядзе выяўляюцца якія-небудзь дэфекты, то на прадпрыемства выпісваецца акт-прадпісанне аб ліквідацыі парушэнняў, тэхніка не атрымлівае адпаведны штамп і не дапускаецца да работы. Акрамя таго, яе чакае паўторнае праходжанне дзяржтэхагляду.

У КСУП “Войневічы” парадавала тое, што ў параўнанні з мінулым годам падняўся ўзровень падрыхтоўкі тэхнікі. З 33 трактароў 68 % прайшлі дзяржтэхагляд. Былі і недахопы: зношаныя шыны, неэфектыўнасць тармазной сістэмы, трэшчына на лабавым шкле аднаго з трактароў. Аднак на працягу некалькіх дзён усё паправілі, тэхніку чакае паўторны агляд.

Па ўсіх паказчыках, якія ў нас ёсць на сённяшні дзень, можна смела сказаць, што на 90 % сельскагаспадарчая тэхніка Дзятлаўшчыны гатова да правядзення чарговай пасяўной кампаніі. Плануем завяршыць дзяржтэхагляд да 10 сакавіка.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: