Дзелавы панядзелак. Што прынёс вецер?

Важнае Улада

Стыхія і ліквідацыя яе наступстваў, рэферэндум, памятныя даты, вакцынацыя і рэвакцынацыя супраць каранавіруса – гэтыя і іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Ніхто не знаходзіцца без святла і цяпла

За мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне пажараў не зарэгістравана. Выхадныя запомняцца наступствамі моцнага ветру, які “адчулі” 47 населеных пунктаў раёна. Сілы прыроды “разгуляліся” паваленымі дрэвамі, пашкоджанымі лініямі электраперадач, пазрываным шыферам з некаторых будынкаў і збудаванняў. Электразабеспячэнне вастаноўлена, пашкоджаныя дахі рамантуюцца.

Кіраўнік раёна даў даручэнне свайму намесніку Дзмітрыю Баравіку, які курыруе сферу будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожных службаў, аператыўна заняцца навядзеннем парадку там, дзе засталася неабходнасць.

Заўвагі ад старшыні райвыканкама атрымалі кіраўнікі, якія не спрацавалі ў частцы аператыўнага інфармавання і рэагавання на праблемы ад наступстваў стыхіі.

Вакцынацыя і рэвакцынацыя

У раёне прышчэплена ад каранавіруснай інфекцыі 59,1 % насельніцтва, у тым ліку 100 падлеткаў. Колькасць захварэлых на вострыя рэспіраторныя інфекцыі зніжаецца. Працягваецца вакцынацыя дарослых і дзяцей. Нагадаем: атрымаць прышчэпку супраць “кавіда” можна з 12-і гадоў.

Па статыстыцы менавіта дзеці і падлеткі з’яўляюцца актыўнымі пераносчыкамі інфекцыі і са з’яўленнем новых штамаў сталі хварэць COVID-19 часцей. Яны таксама больш успрымальныя да заражэння, чым дарослыя, таму прышчэпка дапаможа зберагчы дзіця ад цяжкіх наступстваў хваробы, а яго сваякоў і блізкіх – ад заражэння.

Тым дарослым, у каго з моманту атрымання другой прышчэпкі супраць каранавіруса прайшло 6 месяцаў, неабходна рэвакцынавацца. Як адзначыла галоўны санітарны доктар раёна Алена Шайбак, прэпараты ў наяўнасці ёсць.

Прагаласуем

– Адна з галоўных тэм гэтага тыдня, на якую трэба скіраваць увагу – тэма рэферэндума, – адзначыў старшыня райвыканкама.

Заўтра, 22 лютага, пачнецца датэрміновае галасаванне. Асноўны дзень галасавання – 27 лютага.

Дарэчы, захварэлыя грамадзяне таксама змогуць зрабіць свой выбар. Тыя, хто знаходзіцца на лячэнні ў цэнтральнай раённай бальніцы, будуць галасаваць 27 лютага на адкрытым у ёй участку для галасавання.

Той, хто будзе на бальнічным і выявіць жаданне прыняць удзел у рэферэндуме, павінен патэлефанаваць у сваю выбарчую камісію, якая звяжацца з камісіяй закрытага ўчастка ў ЦРБ і прымацуе грамадзян да яе. Да хворых, якія знаходзяцца на хатнім лячэнні, члены камісіі закрытага ўчастка змогуць выехаць дадому.

Памялела малочная рака

У сельскай гаспадарцы з кожным днём актыўнасць работ нарастае. Калі два тыдні таму займаліся рамонтам тэхнікі да пасяўной, то сёння яна ўжо праходзіць тэхагляд. Ідзе вываз з базы і назапашванне гаспадаркамі раёна ўгнаення КАС, якое найбольш часта прымяняецца ў сельскай гаспадарцы, яно прызначана для дапамогі раслінам у нарошчванні зялёнай масы. Праўда, на нарадзе было адзначана, што не так актыўна, як трэба, спраўляюцца з гэтым у Дварцы і Войневічах. Заўвага ад старшыні райвыканкама таксама прагучала на адрас ветэрынарнай службы ААТ “Дварэц-Агра”, дзе склалася нестабільная сітуацыя па захаванні маладняку буйной рагатай жывёлы. У КСУП “Войневічы” рэкордна ўпалі надоі. У гаспадарцы “Хвінявічы” захоўваецца кантраст па фермах у частцы надояў (адна ферма надойвае многа, другая – мала), будзе праведзены аналіз прычын гэтага дысбалансу.

У апошні тыдзень месяца на кантролі першага намесніка – начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталія Шулейкі своечасовая выплата заработнай платы работнікам АПК.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: