Дзелавы панядзелак. Наспелі пытанні

Важнае Улада

І пытанні розныя, не ўсе традыцыйныя для штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама.

У гэты панядзелак гаварылі больш пра медыцынскі персанал, чым пра хворых; пра пачатак вясны на палях, а не пра тое, чым зіму завяршаем; не пра здарэнні, а пра ўмовы працы праваахоўнікаў; пра выбоіны на дарогах і харчаванне школьнікаў.

Паважайце і шкадуйце доктара

Ёсць такі жарт: “Доктары таксама хварэюць? Я вам больш скажу, яны яшчэ і людзі”. Як у любым жарце, тут толькі частачка для смеху. На фоне актыўна нарастаючай пандэміі каранавірусу, яго “шустрай” у плане заразнасці формы “Амікрона”, калідоры паліклінік зноў перапаўняюцца пацыентамі. Нагрузка на дактароў узрасла ў разы. Пры гэтым, і медыцынскі састаў моцна “парадзеў” – таксама хварэе на кавід.

Быць цярплівымі і праяўляць чалавечнасць да медыкаў прызваў дзятлаўчан у час нарады старшыня райвыканкама.

– Медыкі ж таксама людзі, яны стамляюцца, у іх павінен быць перапынак на абед і адпачынак. Зразумела, што хвораму цяжка стаяць у чарзе, але сёння ў напружанай сітуацыі з каранавірусам для аказання дапамогі максімальна задзейнічаны ўсе спецыялісты райпаліклінікі, яны працуюць і ў выхадныя дні, на дом выязджаюць ковідныя брыгады, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Па інфармацыі намесніка галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Алены Якубоўскай, па суботах у раённай паліклініцы з 8 да 14 гадзін працуюць доктар-тэрапеўт і спецыялісты інфекцыйнага кабінета; у нядзелю (пакуль не знізіцца колькасць зваротаў хворых), таксама з 8 да 14 гадзін, прымаюць спецыялісты інфекцыйнага кабінета. Дарэчы, у

нядзелю 6 лютага ў гэты кабінет звярнуліся па дапамогу каля 30 чалавек.

Усяго за мінулы тыдзень на Дзятлаўшчыне зафіксавана 337 новых выпадкаў захворвання на COVID-19, працуюць тры ковідныя брыгады. Вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі працягваецца.

Паляпшаць кармавыя ўгоддзі

Сельская гаспадарка ўжо жыве вясновай пасяўной. Як адзначыў на нарадзе першы намеснік – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка, на завяршаючай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка тэхнікі, у прыватнасці, рамонт энерганасычаных трактароў (гатовы да веснавых работ 41 з 47), пасяўных агрэгатаў. Усе гаспадаркі раёна пасля даачысткі здалі насенне на праверку. Разглядаюцца варыяцыі перазалужэння сенакосаў і пашы.

– Некаторыя гаспадаркі, напрыклад, Жукоўшчына, я ведаю, плануюць набыць новыя віды траваў для перазалужэння, – звярнуўся да Віталія Тадэвушавіча кіраўнік раёна. – Паглядзіце, хто яшчэ жадае правесці закупку, дапамажыце з выбарам, калі трэба, і трымайце пытанне на кантролі.

Вас выклікае ўчастковы…

А куды выклікае? На грамадскі пункт аховы правапарадку, дзе размешчана яго рабочае месца, дзе праводзяцца рэгулярныя пасяджэнні савета пункта па “разборы” грамадзян, якія не адрозніваюцца ўзорнымі паводзінамі.

Умовы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку Дзятлаўшчыны: матэрыяльна-тэхнічную базу, дакументацыю, інфармацыйныя стэнды – праманіторылі на мінулым тыдні супрацоўнікі райвыканкама з удзелам спецыялістаў аддзела ўнутраных спраў.

Усе выяўленыя недахопы былі прадстаўлены на нарадзе ў выглядзе фотасправаздачы. Тлумачэнні па ГПАП, а іх у раёне 10, даў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Найбольш праблемных момантаў выяўлена ў Вензавецкім, Войневіцкім пунктах, пунктах Дзятлаўскіх сельсавета і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Яны тычыліся абсталявання памяшканняў, адсутнасці стацыянарнага тэлефона, у Войневічах кабінет, дзе размешчаны пункт аховы, не ацяпляецца.

Задачы па аператыўным устраненні гэтых праблем пастаўлены зацікаўленым службам, Андрэй Садоўскі ўзяў на асабісты кантроль іх выкананне.

Іншыя тэмы коратка

Нормы харчавання дзяцей ва ўстановах адукацыі былі тэмай аднаго з пасяджэнняў райвыканкама. Як выкананы прадпісанні, далажыла на нарадзе начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус. Яна зазначыла, што школы “страпянуліся”, сёння можна адзначыць высокі кантроль кіраўнікоў Дварэцкай, Новаяльнянскай, Гезгалаўскай школ за якасцю харчавання дзяцей. Самай праблемнай назвала Наталля Сяргееўна Раклевіцкую навучальную ўстанову.

****

Адпрацоўка дзятлаўскімі міліцыянерамі наркапастаўшчыкоў прывяла да затрымання на мінулым тыдні на ўездзе ў наш раён двух грамадзян, якія прывезлі наркатычны заказ мясцовым аматарам “салодзенькага”.

****

З мэтай арганізацыі бяспечнага руху транспартных сродкаў жыллёва-камунальнай гаспадарцы даручана кантраляваць і своечасова ліквідаваць вымоіны і выбоіны на дарогах населеных пунктаў, якія агаляюцца з-пад расталага снегу.

****

Назіральныя камісіі на мінулым тыдні абследавалі ў рамках сваёй кампетэнцыі 86 домаўладанняў дзятлаўчан. Асноўны ўпор робіцца на домаўладанні, дзе жывуць адзінокія састарэлыя ва ўзросце 80 гадоў і старэйшыя. Такіх у раёне – 1500.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: