Бязвыплатная субсідыя – стартавы капітал для бізнесу

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ці могуць пры жаданні дзятлаўчане пачаць уласную справу “з нуля”, куды ў гэтым выпадку звяртацца па кансультацыю і як бізнесменаў-пачынальнікаў падтрымлівае дзяржава, даведаліся ў намесніка начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Ірыны Баравік.

– Ірына Анатольеўна, каму прадастаўляецца бязвыплатная дзяржаўная субсідыя?

– Пераважнае права на атрыманне дзяржпадтрымкі ў выглядзе субсідыі маюць беспрацоўныя, якія ў сувязі са становішчам на рынку працы не могуць уладкавацца на работу і гатовы арганізаваць найбольш значныя для горада ці раёна віды прадпрымальніцкай дзейнасці.

– На якую суму можа разлічваць будучы прадпрымальнік?

– Памер субсідыі роўны суме 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва на дату заключэння ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне дагавора аб прадастаўленні субсідыі з беспрацоўным. А пры арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці або аказанні паслугаў у сферы аграэкатурызму беспрацоўнымі, якія зарэгістраваны ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы (іх пералік вызначаецца мерапрыемствамі па рэалізацыі дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва), а таксама ў сельскіх населеных пунктах, субсідыя прадастаўляецца ў суме 15 бюджэтаў пражытачнага мінімуму на дату заключэння дагавора.

– На што можна патраціць гэтыя грошы?

– Субсідыя павінна быць выкарыстана на закуп абсталявання, інструментаў, машын, механізмаў, сыравіны, матэрыялаў, аплату паслугаў і іншыя мэты, звязаныя з арганізацыяй прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці ці аказаннем паслугаў у сферы аграэкатурызму. Пазней ва ўпраўленне па працы і занятасці ў тэрмін, вызначаны дагаворам аб прадастаўленні субсідыі, трэба будзе падаць копіі дакументаў, што пацвярджаюць яе мэтавае выкарыстанне.

– Якія віды дзейнасці найбольш папулярныя ў раёне?

– Сярод самазанятых на Дзятлаўшчыне па-ранейшаму найбольш запатрабаванымі застаюцца рознічны гандаль, грузаперавозкі, рамонт машын.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga