Алеся Серая: “Мой голас будзе ўлічаны ў вялікай справе нашай краіны” (+відэа)

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца датэрміновае галасаванне на рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Да выбару курсу нашай краіны актыўна далучаецца моладзь. Настаўніца англійскай мовы Алеся Серая, якая ў гэтым навучальным годзе прыбыла на першае месца работы ў роднае Дзятлава, у сярэднюю школу № 3. Яна ўпершыню галасуе на малой радзіме. У вольны ад урокаў час дзятлаўчанка прыйшла на выбарчы ўчастак № 8 па вуліцы Кастрычніцкай, які размяшчаецца ў навучальнай установе, каб аддаць свой голас за правільны, па яе меркаванні, курс нашай краіны.

– Вельмі хвалююча і адказна ўпершыню галасаваць у сваёй навучальнай установе, выканаць свой грамадзянскі абавязак. Мяне радуе, што ў Беларусі шмат робіцца для моладзі. Думаю, важна, што мой маленькі голас будзе ўлічаны ў вялікай справе нашай краіны.

Павіншавала Алесю Сяргееўну з важнай для яе падзеяй першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, уручыла дзяўчыне памятныя падарункі. Яна адзначыла, што моладзь актыўна далучаецца да ўдзелу ў рэспубліканскім рэферэндуме, падкрэсліла важнасць гэтай падзеі:

– Будучыню ствараць маладым. Гэта не проста словы, а факт, які грамадству важна ўлічваць на ўсіх узроўнях. Сёння мы жывём у гістарычны перыяд часу, калі вырашаецца, як будзе развівацца і жыць наша краіна заўтра, а можа, і праз дзесяцігоддзі. Моладзь, якая сёння набыла грамадзянскія правы, у хуткім часе створыць свае сем’і, будзе развіваць уласную справу або ўдзельнічаць у дзяржаўнай службе, жыць у новых умовах. І БРСМ актыўна падтрымлівае маладых людзей, якія прыходзяць на выбарчыя ўчасткі аддаць свой голас на рэферэндуме. Яны стануць часткай гісторыі, а іх уклад – цаглінкай у падмурку будучыні і росквіту Беларусі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: