АЧС: пагроза застаецца

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Афрыканская чума свіней – гэта асабліва небяспечная вірусная хвароба хатніх і дзікіх свіней, якая характарызуецца хуткім распаўсюджваннем, высокай ступенню смяротнасці заражаных жывёл і вялікай эканамічнай шкодай.

Вірус надзвычай устойлівы ў знешнім асяроддзі і захоўваецца ў глебе да 112 дзён, сырым мясе – да 188 дзён, вэнджаным – да 150 дзён. Афрыканская чума свіней не ўяўляе небяспекі для чалавека.

Эканамічныя страты

Захворванне надзвычай небяспечнае для жывёлагадоўлі, паколькі можа прыводзіць да гібелі да 100 % свіней, а ветэрынарных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння ад гэтай хваробы не існуе. Спыніць распаўсюджванне віруса можна толькі жорсткімі каранціннымі мерапрыемствамі, што наносіць вялізны эканамічны ўрон. Пры ўзнікненні АЧС усіх жывёл забіваюць, трупы, свінарнікі і інвентар дэзынфіцыруюць.

Крыніцы ўзбуджальніка хваробы

Распаўсюджвальнікамі з’яўляюцца хворыя свінні. Жывёлы заражаюцца пры ўжыванні кармоў, у якіх ёсць вірус; праз органы дыхання; пашкоджаную скуру; укусы заражаных кляшчоў-пераносчыкаў, у арганізме якіх гэты вірус захоўваецца многія гады і распаўсюджваецца заражанымі жывёламі-вірусаносьбітамі, у тым ліку, калі яны знаходзяцца ў інкубацыйным перыядзе, а таксама праз розныя інфіцыраваныя аб’екты. Асаблівую небяспеку ўяўляюць прадукты забою заражаных жывёл (мяса, мясапрадукты, сала, кроў, косці, скура і іншае).

Інфекцыраваныя вірусам адходы, якія выкарыстоўваюцца для кармлення свіней без стараннай праваркі, – адна з прычын заражэння свіней афрыканскай чумой. Здаровыя жывёлы заражаюцца пры сумесным утрыманні з хворымі і вірусаносьбітамі, а таксама пры знаходжанні ў інфіцыраваных памяшканнях і транспартных сродках.

Вірус могуць распаўсюджваць людзі, хатнія і дзікія жывёлы, насякомыя, грызуны, якія знаходзіліся на інфіцыраваных тэрыторыях.

Прыкметы хваробы

Захворванне можа быць імгненнае, вострае, падвострае і радзей – хранічнае. Клінічныя прыкметы захворвання АЧС выяўляюцца ў жывёл на 2-6 дзень пасля заражэння. Пры імгненным цячэнні хваробы жывёлы гінуць без якіх-небудзь прыкмет. Пры вострым – павышаецца тэмпература цела да 40,5-42 градусаў, пачынаецца задышка, кашаль, з’яўляюцца прыступы ванітаў, парэзы і паралічы задніх канечнасцяў. Хворыя жывёлы больш ляжаць, млява падымаюцца, перасоўваюцца і хутка стамляюцца. На скуры ў вобласці ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, у аснавання вушэй з’яўляюцца чырвона-фіялетавыя плямы, пры націсканні яны не бляднеюць. На далікатных участках скуры могуць з’явіцца пустулы, на месцы якіх утвараюцца струпы і язвы. Супаросныя свінаматкі абарціруюць.

Прафілактыка і меры барацьбы

Для папярэджання захворвання свіней патрэбна выконваць наступныя правілы:

не дапускаць наведванне асабістых падсобных гаспадарак пабочнымі асобамі;

пасля кожнага наведвання лесу праводзіць дэзынфекцыю і мыццё верхняй вопраткі і абутку, недапушчальна ў ёй заходзіць у свінарнік;

утрымліваць жывёлін у закрытых памяшканнях, выключыць свабодны выгул свіней;

апрацоўваць свіней і памяшканне для іх утрымання ад кровасмактальных насякомых (кляшчоў, вошай, блох), пастаянна весці барацьбу з грызунамі;

падвяргаць абавязковай тэрмічнай апрацоўцы харчовыя адходы і корм, якія выкарыстоўваюцца для кармлення свіней;

не завозіць свіней без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай раёна з іншых тэрыторый;

неадкладна паведамляць аб усіх выпадках захворвання свіней спецыялістам дзяржаўнай ветэрынарнай службы.

Памятайце: выкананне гэтых рэкамендацый дазволіць пазбегнуць заражэнне афрыканскай чумой свіней на тэрыторыі вашых падворкаў, захаваць іх ад захворвання і прадухіліць эканамічныя страты.

Баляслаў КУЛЕШ,
галоўны ветэрынарны доктар Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga