Здароўе кожнага дзятлаўчаніна павінна быць на кантролі

Важнае Грамадства

Вынікі работы медыкаў за 2021 год былі падведзены ў час медыка-санітарнага савета раёна, які прайшоў у Дзятлаўскай ЦРБ.

У нарадзе ўдзельнічала галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Святлана Антановіч.

Мінулы год стаў для дзятлаўчан поўным напружанай працы і багатым на добрыя адкрыцці. Медыкі прадоўжылі барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй. Падключылі “цяжкую артылерыю” – актыўна распачалі прышчэпкавую кампанію, паказаўшы на ўласным прыкладзе, што гэта самы эфектыўны сродак супраць каранавірусу. У працэс уключыліся жыхары раёна розных узростаў, працоўныя калектывы, і гэта дало станоўчы вынік: да канца мінулага года статыстыка захваральнасці на COVID-19 пайшла на спад.

Летась на Дзятлаўшчыну прыбылі 18 маладых спецыялістаў: 4 дактары і 14 работнікаў сярэдняга медыцынскага персаналу, якія атрымалі жыллёвую і фінансавую падтрымку на месцах. Была ўкамплектава большасць каманд доктара агульнай практыкі ў райпаліклініцы. Аднак дагэтуль застаецца неабходнасць у кардыёлагу, псіхіятры-нарколагу, афтальмолагу, акушэр-гінеколагу, стаматолагах, тэрапеўтах і спецыялістах агульнай практыкі.

У 2021 годзе актыўна вяліся рамонтныя работы ў медыцынскіх установах раёна. Пасля маштабнага рамонту былі адкрытыя Вензавецкі фельчарска-акушэрскі пункт і два тэрапеўтычныя аддзяленні райбальніцы, тут жа адрамантаваны пасажырскі ліфт. Прадоўжылася работа па камп’ютарызацыі рабочых месцаў медыкаў і цыфравізацыі медыцынскіх паслуг: для выпіскі ў бліжэйшай перспектыве электронных рэцэптаў ужо сёння для Дзятлаўскай ЦРБ набылі электронныя ключы.

Намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Таццяна Свіб адзначыла, што прыярытэтам у рабоце медыкаў раёна ва ўсе часы з’яўляецца жыццё і здароўе дзятлаўчан. Яна падзялілася бліжэйшымі планамі бальніцы, сярод якіх – рэалізацыя праекта “Клапатлівая паліклініка”, які прадугледжвае карэкціроўку работы рэгістратуры, дакладную маршрутызацыю і аптымізацыю працоўных месцаў медыцынскіх работнікаў, што павінна павысіць камфорт пацыентаў.

Галоўны доктар раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Шайбак далажыла аб эпідэміялагічнай сітуацыі ў раёне. Аб перамозе над каранавірусам гаварыць яшчэ рана, але станоўчая дынаміка, дзякуючы актыўнай прышчэпкавай кампаніі, відавочная. Яна выказала заўвагі па выніках маніторынгу аб’ектаў аховы здароўя раёна, падзякавала калегам з Дзятлаўскай ЦРБ за плённую працу ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй і яе прафілактыцы, эфектыўнае правядзенне сумесных мерапрыемстваў па імунізацыі насельніцтва.

На дыспансерызацыі жыхароў раёна спынілася загадчыца паліклінікі Алена Куцко.

Раённы педыятр Таццяна Чыгір вылучыла як дасягненні, так і праблемныя моманты педыятрычнай службы. Яна адзначыла, што медыкі актыўна супрацоўнічаюць з іншымі структурамі раёна, найперш – з аддзелам адукацыі райвыканкама і сацыяльнай службай.

Абласная госця Святлана Антановіч зрабіла акцэнты на 2022 год, сярод якіх – актывізацыя работы дзятлаўскіх медыкаў па ранняй дыягностыцы анкалагічных захворванняў, прадаўжэнне кампаніі па папярэджанні і лячэнні каранавіруснай інфекцыі, паўторная вакцынацыя насельніцтва супраць COVID-19, вырашэнне кадравага пытання. Святлана Фёдараўна акцэнтавала ўвагу на тым, што здароўе кожнага жыхара нашага раёна павінна быць на кантролі медыкаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: